«Максімальна ў межах дазволенага». Сябры палітвязня распавядаюць, як на яго ціснуць за месяц да вызвалення


Зміцер Паліенка – адзін з двух беларускіх палітвязняў, якія працягваюць сядзець у турме. Фота з «Фэйсбуку»

24 кастрычніка на волю павінен выйсці Зміцер Паліенка – адзін з двух палітзняволеных, якія да сёння знаходзяцца за кратамі (паводле праваабарончага цэнтру «Вясна»).

На 25 верасня была запланаваная сустрэча вязня з бацькам. 13 верасня адміністрацыя калоніі правяла прагляд асабістых рэчаў Паліенкі, пасля чаго спатканне з бацькам адмянілі, паведаміла Марына Насенка, сяброўка Паліенкі.

«Забралі ўсе лісты, паштоўкі і асадкі, лісты, якія ён хацеў дасылаць на днях сам. На падставе таго, што гэтыя рэчы «не адпавядаюць спісу», яму адмянілі спатканне з бацькам», – напісала Насенка.

Такім чынам, вязень не зможа атрымаць перадачу, якую ягоныя сябры і родныя сабралі, каб перадаць праз з бацьку.

«За месяц да вызвалення … спрабуюць максімальна ціснуць на вязня ў межах «дазволенага», пакуль есьць магчымасць», – дадае Насенка.

24-гадовы Зміцер Паліенка падлеткам уступіў у беларускае аддзяленне Нацыянал-бальшавісцкай партыі, неаднаразова сядзеў на сутках за ўдзел у акцыях арганізацыі. Вясной 2014-га Паліенка выйшаў з НБП і далучыўся да анархістаў.

У кастрычніку 2016-га Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за напад на міліцыянта падчас роварнага заезду «Крытычная маса», які прайшоў у Менску. Паводле міліцыі, Паліенка счапіўся з супрацоўнікам і парваў яму форменную вопратку. Бацька актывіста распавёў, што ягоны сын заступіўся за сябра, адносна якога міліцыянт ужыў фізічную сілу.

Летась Паліенку зноў арыштавалі: суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў Паліенку адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Паліенку вязнем сумлення.

ДД

Стужка навінаў