Максіма Вінярскага пасля арышту вывозілі ў Савецкі РУУС


Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі знайшоўся і вярнуўся дадому, паведаміла ў ў «Facebook’у»праваабаронца Юлія Сцяпанава. Паводле яе інфармацыі, каля 6 гадзін актывіст перабываў у Савецкім РУУС Менску, куды яго вывезлі пасля адбыцця адміністратыўнага арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Пра тое, што Вінярскі прапаў, стала вядома пасля таго, як сваякі і паплечнікі не змаглі яго сустрэць каля ЦІП. Тады з’явілася меркаванне, што ён менавіта ў Савецкім РУУС. Але міліцыя гэта не пацвярджала, вынікае з інфармацыі ў сацсетках.

Максім Вінярскі быў асуджаны на 15 содняў адміністратыўнага арышту па абвінавачанні ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (артыкул 23.4 КоАП). Такое рашэнне 1 верасня вынес суд Савецкага раёну Менску. Вінярскага затрымалі 29 жніўня на вуліцы Багдановіча па дарозе ва ўрочышча Курапаты, дзе праходзіла штомесячная талака, і даставілі ва УУС Савецкага раёну.

За некалькі дзён да затрымання Вінярскага выклікалі ў РАУС, дзе прапанавалі падпісаць паперу пра папярэджанне аб недапушчальнасці экстрэмісцкай дзейнасці, аднак актывіст адмовіўся гэта зрабіць.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Стужка навінаў