Максіма Вінярскага і рэжысёрку Вольгу Мікалайчык пакаралі штрафамі


Працяг судовых рэпрэсіяў за цвёрдую грамадзянскую пазіцыю. Суд Партызанскага раёну сталіцы разгледзеў адкладзеную шостага чэрвеня справу ў дачыненні сябра «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага і рэжысёркі Вольгі Мікалайчык. Актывістаў абвінавацілі ў вывешванні партрэтаў зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.

Адпаведная акцыя прайшла шаснаццатага сакавіка каля стэлы на Плошчы Перамогі ў Менску. Вінярскага і Мікалайчык пакаралі штрафамі – 8,4 мільёнаў кожнаму.

«Спробу нагадаць пра зніклых улада гатова была разглядаць як крымінальнае злачынства. Відавочна яны спынілі гэта толькі праз тое, што імітуюць лібералізацыю. Калі б не гэта, Следчы камітэт знайшоў бы нешта», – распавёў актывіст Максім Вінярскі belsat.eu.

Былы кіраўнік МУС Беларусі, генерал Юрый Захаранка, апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі зніклі ў 99-м годзе. Журналіст Дзмітрый Завадскі – у дзвюхтысячным. У расправе над палітычнымі апанентамі Аляксандра Лукашэнкі апазіцыя і праваабарончая супольнасць Беларусі абвінавачвае кіраўніцтва краіны.

Стужка навінаў