Максіма Мархалюка абвесцілі ў міжнародны вышук


Старонка на сайце Інтэрполу

Зніклы ў Белавежскай пушчы хлопчык абвешчаны ў міжнародны вышук.

10-гадовы Максім Мархалюк, які знік у Белавежскай пушчы, абвешчаны ў міжнародны вышук. Пра гэта паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

«Органы ўнутраных справаў Беларусі накіравалі па лініі Інтэрполу інфармацыю аб зніклым хлопчыку. Перададзеныя ягоная фатаграфія і апісанне», – праінфармаваў Сяргей Кабаковіч.

Ён дадаў, што гэтыя звесткі зараз даступныя спецыялістам 99% краінаў.

«Пры магчымым перабыванні хлопчыка за межамі краіны, нам пра гэта паведамяць», – адзначыў прадстаўнік Следчага камітэту ў каментары агенцтву «БелТА».

СК распачаў крымінальную справу па факце знікнення Максіма Мархалюка ў Свіслацкім раёне.

«Расследаванне працягваецца. Разглядаецца шырокі спектр версіяў», – распавёў Сяргей Кабаковіч.

Максім, жыхар аграгарадка Новы Двор Свіслацкага раёна, 16 верасня адправіўся ў пушчу па грыбы і дамоў не вярнуўся. З тых часоў пошукі не спыняюцца.

Дзе можа быць Максім Мархалюка

У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што Максім Мархалюк мог уцячы ў Польшчу.

Напрыканцы верасня ў ваколіцах вёскі Немцэ, што пад Люблінам, невядомы хлопец забраўся ў фуру да дальнабойніка, але ўцёк, калі яго хацелі здаць у паліцыю.

Кіроўца звязаўся з праваахоўнікамі праз форму электроннай сувязі. Паводле яго, дзіця хутчэй за ўсё забралася ў спальны адсек фуры, накрыўшыся коўдраю.

«Хлопцу на выгляд каля 10 гадоў, апрануты ў цёмную вопратку», – паведаміла паліцыя гораду Седльцэ.

Вось што на гэты конт распавяла Belsat.eu прэс-сакратарка паліцыі ў Седльцах Агнешка Свярчэўская:

«Няма інфармацыі пра тое, што гэта беларускі хлопчык. Мы паказалі фатаграфію Максіма Мархалюка кіроўцы, але той яго не пазнаў. Хлопец быў асмуглы. Цяпер мы правяраем прытулкі для ўцекачоў. Магчыма, ён збег адтуль. Калі ў нас будзе нейкая новая інфармацыя, мы яе прадставім. Пакуль хлопца не знайшлі. Інфармацыя пра дзіця размешчаная на ўсіх мясцовых сайтах».

Паліцыя шукае відавочцаў. Агнешка Свярчэўская таксама адзначыла, што на тэрыторыі Польшчы ў апошні час дзеці не знікалі. Яна дадала, што беларускі бок не кантактаваў з Польшчай ў справе Максіма.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў