Фота Foto Фота Фота tatar-centr.blogspot.com

Чаму расейскія тэлеканалы не паведамлялі пра жахлівае злачынства ў Маскве.

У Маскве днямі адбылася страшная трагедыя. Няня, якая паходзіць з Узбекістану, забіла дзіця, адсекла яму галаву і хадзіла з ёй па вуліцы з крыкамі: «Алах акбар!». Жахлівае злачынства ўчыніла жанчына, якая, імаверна, была псіхічна хворай. Варта звярнуць увагу, як адрэагавалі на гэта расейскія федэральныя тэлеканалы, якія салідарна праігнаравалі інцыдэнт.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў адмаўляе, што ўлады Расеі рэкамендавалі каналам не асвятляць выпадак. Тым не менш, ён дадаў, што падтрымлівае пастанову тэлевізійнага кіраўніцтва, бо ў адваротным выпадку гэта магло б абвастрыць «пытанне нацыянальнай прыналежнасці». З рынкавага пункту гледжання рашэння, пастанова кіраўнікоў тэлеканалаў выглядае нерацыянальна, бо звычайна людзі вельмі любяць крымінальную хроніку, дзе кроў ліецца ручаямі, – гэтак званую «чарнуху».

Цікавы ў гэтым кантэксце таксама той факт, што пра здарэнне не паведамілі не толькі дзяржаўныя каналы, але і два «прыватныя»: НТВ і РЕН ТВ. Праўда, калі праверыць, хто імі валодае, то іх цяжка назваць прыватнымі. Першы належыць холдынгавай кампаніі «Газпром-Медыя». РЕН ТВ, у сваю чаргу, зʼяўляецца ўласнасцю некалькіх алігархаў, які даўно жывуць у згодзе ды гармоніі з Пуціным. У любым выпадку, нават гэтыя нібыта прыватныя тэлеканалы адмовіліся ад магчымасці павысіць рэйтынг і прыбыткі ў імя… але чаго?

«Апора хрысціянства?»

Няма ніякіх сумневаў, што такое спектакулярнае забойства, здзейсненае асобай, якая, на першы погляд, выглядае і паводзіць сябе як ісламская тэрарыстка, не ўпісваецца ў рамкі расейскай дзяржаўнай прапаганды як унутры, гэтак і за межамі краіны. Паводле прапагандыстаў, Заходняя Еўропа ледзь трывае пад ціскам штораз новых уцекачоў, яе залівае хваля радыкальнага ісламу, у той час як расейцы ў Сірыі адважна бамбардуюць лагеры «Ісламскай дзяржавы».

У інтэрнэце штораз часцей зʼяўляюцца відэа, як расейцы на сваім падворку распраўляюцца з мусульманамі, якія абразілі іхных жанчын альбо дрэнна паводзілі сябе на вуліцы і гэтак далей. Гэта выклікае захапленне еўрапейцаў, ашаломленых паводзінамі ўцекачоў у Кале ці на вонкавых межах Еўразвязу.

Праўда, вядома, насамрэч крыху іншая. Расея толькі ў Маскве мае два мільёны мусульманскай меншасці, якая хутка расце. Расейскія ўлады дазваляюць Рамзану Кадыраву ісламізаваць Чачэнію, выхадцы адкуль гойсаюць па ўсёй Маскве ды свабодна забіваюць журналістаў і дзеячаў апазіцыі. З усім гэтым Масква кепска пасуе на апірышча хрысціянства. Мы гаворым пра краіну, якая цягам дзесяцігоддзяў праз дэфіцыт працоўнай сілы прымае сотні тысяч гастарбайтараў з Сярэдняй Азіі і ў гэтых адносінах мае тыя ж самыя праблемы, як Францыя і Нямеччына. Ашалелая ўзбечка, якая бегае ў цэнтры Масквы ў чорным хіджабе, – гэта сімвал схаваных ад свету праблемаў.

Гэтыя праблемы цяжка схаваць, нават цалкам кантралюючы медыі. У аўторак увечары каля станцыі метро, ​​дзе забойца размахвала галавой забітага дзіцяці, сабраліся расейскія нацыяналісты. Не так шмат – каля 100 чалавек, але іх лозунгі і патрабаванні, каб зрабіць міграцыйную палітыку больш жорсткай, падтрымала б, верагодна, большасць масквічоў. Але жыхарам расейскай сталіцы проста ніхто не паведаміў пра акцыю ды і саму трагедыю ніхто не асвятляў так шырока, як расейскія медыі пісалі пра падобныя выпадкі за мяжою. Паведамленні, да таго ж, не заўсёды былі праўдзівыя.

Што здарылася з Лізай?

У гэтым кантэксце цікавы яшчэ адзін аспект. У канцы студзеня расейскія медыі шырока трубілі пра справу «згвалчанай Лізы» – 13-гадовай немкі расейскага паходжання, якая нібыта стала ахвярай «сямі смуглых нападнікаў«. Расейскія медыі – пераважана дзяржаўнае тэлебачанне – узнялі такую істэрыю з гэтай нагоды, што на вуліцах нямецкіх гарадоў імігранты з Расеі ды з краінаў былога СССР пачалі выходзіць на шматлюдныя дэманстрацыі. Пратэстоўцы патрабавалі пакараць вінаватых, абяцалі жорсткую помсту і гэтак далей.

У справу ўмяшаўся Сяргей Лаўроў. Кіраўнік МЗС Расеі абвінаваціў нямецкія ўлады ва ўтойванні гвалту над дзяўчынкай у імя «паліткарэктнасці». Урэшце аказалася, што дзяўчынка проста збегла з дому ды выдумала гэтую гісторыю.

Гэтая справа моцна абурыла нямецкія ўлады. Супраць умешвання ва ўнутраныя справы Нямеччыны запратэставаў кіраўнік нямецкага Міністэрства замежных справаў. Нямеччына адчула, што расейцы выкарысталі правераныя на Данбасе метады гібрыднай вайны. Расеі надзвычай лёгка ўдалося мабілізаваць досыць вялікую групу былых «савецкіх людзей», якія жывуць у самым сэрцы Заходняй Еўропы. Расея гэтак пацвердзіла тэзіс: дзе расейскае тэлебачанне – там «русский мир».

Расейская прапаганда зусім не стрымлівалася ў распальванні ксенафобскіх настрояў у дачыненні да Украіны. Расейскае тэлебачанне не можа пераказваць, што ўзбечка адрэзала галаву дзіцяці ў Маскве, але зусім не праблема для яго падаваць узятую з Космасу навіну, што «ўкраінска-бандэраўскія карнікі» распялі хлопчыка ў Славянску на Данбасе.

«Путин, давай до свидания»

Той факт, што расейскія медыі знаходзяцца пад кантролем, даўно вядомы. Цяжэй вызначыць, хто іх насамрэч кантралюе. Расейскі палітолаг Глеб Паўлоўскі сцвярджае, што гэта не сабака (Крэмль) трасе хвастом (СМІ), але ўсё з дакладнасцю наадварот, і гэта медыі фармуюць пункт гледжання Крамля.

У гэтым святле можна меркаваць, што кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў шчыра паверыў, што 13-гадовую Лізу сапраўды згвалцілі, бо даведаўся пра гэта са свайго тэлебачання. Добра, але калі не Крэмль махае хвастом, то хто стаіць за гэтым? Я не здзіўлюся, што гэта адно з самых цяжкіх пытанняў, над якімі ломіць галаву Пуцін. Пры такім раскладзе прэзідэнт Расеі можа вельмі здзівіцца, пачуўшы аднаго разу ў «сваім тэлебачанні» словы: «Давай, до свидания». Гэтак расейскія медыі нечакана для самога Пуціна могуць абвесціць, што ягоны час прамінуў.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары