Макса Каржа не пусцілі ва Украіну. Сам спявак гэтую інфармацыю не пацвярджае


Беларускаму рэперу забаранілі ўезд ва Украіну на тры гады. Пра гэта напісалі некалькі крыніцаў.

Віцэ-прэм’ер-міністр Украіны Вячаслаў Кірыленка напісаў у Twitter, што Каржу забаранілі ўезд праз выступы ў акупаваным Крыме. Ён падкрэсліў, што тэрытарыяльную цэласнасць Украіны «трэба паважаць».

InfoResist са спасылкай на памочніка кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Алега Слабадзяна паведаміў, што 21 лістапада падчас праходжання памежнага кантролю пасажыраў, што прыляцелі з Менску, быў выяўлены «гэты спявак, які ў свой час наведваў акупаваны Крым».

Канцэрт Каржа ў Кіеве мае адбыцца 23 снежня. Квіткі на яго ўсцяж прадаюць. Сам спявак пра сітуацыю на мяжы і забарону нічога не пісаў і каментароў не даваў. Занепакоеныя фанаты пішуць у суполках, што «вось і Корж трапіў у чорныя спісы».

Максу Каржу забаранілі ўезд ува Украіну ў лютым 2016 года на 5 гадоў праз яго несанкцыяваны выступ у Крыму ў 2015-ым. У верасні сёлета ён напісаў, што забарону знялі. Падчас забароны Корж усё ж такі наведваў Украіну прыватна.

Афіцыйны Кіеў лічыць Крым часова акупаванай тэрыторыяй, якая не кантралюецца ўкраінскімі ўладамі. Кабінет міністраў зацвердзіў асаблівы парадак уезду на паўвостраў. Замежнікі патрапіць туды могуць толькі маючы абгрунтаваныя прычыны, сярод якіх «наяўнасць сваякоў на тэрыторыі паўвострава альбо права ўласнасці, смерць сваякоў, выкананне дыпламатычных функцый ці абарона нацыянальных інтарэсаў Украіны». Турызм ці канцэртная дзейнасць у спісе дазволеных прычын уезду не значацца. Сам дазвол трэба атрымоўваць у Кіеве.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў