Макс Корж выступіць у Кіеве, нягледзячы на тое, што наведваў Крым


Першы выступ спевака за апошнія паўтары гады забароны на ўезд пройдзе 23 снежня ўва ўкраінскай сталіцы.

Пра гэта спявак напісаў у сваім Instagram. Паводле яго, уехаць ува Украіну яму дазволіла Служба бяспекі Украіны, і што гэта было нечаканасцю.

«Асабліва на правасуддзе я не разлічваў, але не мог сядзець склаўшы рукі. І праз пэўны час я ўсё ж быў пачуты. Не ведаю, навошта СБУ прыняла гэтае рашэнне, у іх была прычына не рабіць гэтага, але я зусім не супраць такой «амністыі«. Нягледзячы на тое, што я з Беларусі, ува Украіне людзі мяне ведаюць не першы год, я ніколі наўмысна не чыніў ніякай пагрозы бяспецы гэтай краіны, наадварот, заўсёды з усёй душой і цяпер жадаю хутчэйшага міру і дабрабыту».

Максу Каржу забаранілі ўезд ува Украіну ў лютым 2016 года на 5 гадоў праз яго несанкцыяваны выступ у Крыму ў 2015-ым. Падчас забароны Корж усё ж такі наведваў Украіну прыватна.

Афіцыйны Кіеў лічыць Крым часова акупаванай тэрыторыяй, якая не кантралюецца ўкраінскімі ўладамі. Кабінет міністраў зацвердзіў асаблівы парадак уезду на паўвостраў. Замежнікі патрапіць туды могуць толькі маючы абгрунтаваныя прычыны, сярод якіх «наяўнасць сваякоў на тэрыторыі паўвострава альбо права ўласнасці, смерць сваякоў, выкананне дыпламатычных функцый ці абарона нацыянальных інтарэсаў Украіны». Турызм ці канцэртная дзейнасць у спісе дазволеных прычын уезду не значацца. Сам дазвол трэба атрымоўваць у Кіеве.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў