Макей: Жорсткі стыль кіравання ў Беларусі абумоўлены крызісам


Міністр замежных справаў Уладзімір Макей падчас візіту ў Венгрыю даў інтэрв’ю газеце «Мадзяр Хірлап». Са шчыравання з замежнікам мы паспрабавалі вылучыць галоўныя сігналы для беларусаў.

Сігнал бізнесоўцам

Вугорскім бізнесоўцам Уладзімір Макей намякнуў інвеставаць у Беларусь.

«Мы, на жаль, самі пакутуем ад узаемнага эмбарга паміж Расеяй і Еўразвязам. У нас адкрытая гаспадарка, якая арыентаваная на экспарт, і з-за гэтых санкцый мы губляем нашы рынкі і таваразварот з некаторымі краінамі і суседзямі. У такой сітуацыі задача любой дзяржавы, асабліва такіх невялікіх дзяржаў, як Беларусь і Венгрыя, знаходзіць легальныя метады для абыходу санкцый. І тое, пра што мы гаворым, – стварэнне сумесных вытворчасцяў, рэалізацыя сумесных праектаў на тэрыторыі адной і другой краіны, дапаможа нам выправіць негатыўную сітуацыю. Гэта будзе прыносіць карысць народу, канкрэтным беларусам і венграм», – заявіў спадар міністр.

Гэта таксама сігнал і беларускім прадпрымальнікам. У сітуацыі калі буйныя бізнесоўцы сядзяць у турмах, імаверна, што супольныя з еўрапейцамі камерцыйныя праекты – адносна бяспечны занятак.

Сігнал геям і лесбіянкам

На заўвагу журналіста пра тое, што Еўропа спрабуе зрабіць з праблемы правоў сексуальных меншасцяў у Венгрыі «палітычнае пытанне», Макей заявіў пра артадаксальнасць беларусаў.

«Ведаеце, беларуская нацыя вельмі спакойная, талерантная, цярплівая, я б нават сказаў, у некаторых пытаннях артадаксальная нацыя. Мы катэгарычна, як б нас не абвінавачвалі ў парушэннях нейкіх правоў чалавека, катэгарычна выступаем за захаванне традыцыйнай сямʼі. І баюся, што мы вось па гэтым пытанні ніколі не знойдзем разумення з тымі, хто будзе аказваць ціск на нас», – сказаў Макей.

Ніякіх ілюзіяў: Беларусь дазволіць аднаполыя шлюбы апошняй у свеце.

Сігнал усім нязгодным

Макей тлумачыць, што палітыка цвёрдай рукі ў Беларусі абгрунтаваная цяжкай эканамічнай сітуацыяй.

«Нас называюць «апошняй дыктатурай Еўропы», «таталітарным рэжымам» і гэтак далей. Магчыма, збольшага нейкія элементы жорсткага кіравання ёсць, але ў складанай цяперашняй сітуацыі, асабліва калі ўзнікаюць гэтыя фінансава-эканамічныя крызісы, калі трэба практычна ўручную кіраваць эканомікай, часам па-іншаму не абысціся. Гэта не значыць, што трэба забываць пра правы чалавека, ні ў якай ступені – гэтаму трэба надаваць вялікую ўвагу. Але правы чалавека будуць забяспечаныя толькі ў стабільным, грамадстве, якое нармальна развіваецца», – заўважыў кіраўнік МЗС.

Беларусь ужо больш за 20 гадоў мае стабільнае грамадства, якое нармальна развіваецца. Незразумела, чым займаюцца праваабаронцы.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”150866″ img_size=”large” add_caption=”yes”][vc_column_text]

Даведка «Белсату»

«Мадзяр Хірлап» – венгерскі штодзённік, якім валодае алігарх Ґабар Сэлеш. У свеце вядомы пераважны дзякуючы скандалам: так, у 2013 адзін з аўтараў назваў на старонках газеты габрэяў «смярдзючым экскрэментамі». Інтэрв’ю выданню Уладзімір Макей даў 17 сакавіка, падчас афіцыйнага візіту ў Венгрыю.

ДД

Стужка навінаў