Макей: З-за так званых «палітзняволеных» запавольваецца рух Беларусі ў бок Еўропы


Палітвязні – не праблема, заявіў міністр замежных справаў, адказваючы на непрыемнае пытанне «Белсату».

«Белсат»: Латвія паставіла ўмову ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў саміце ў Рызе – вызваліць палітвязняў. Ці гэта было рэальнае патрабаванне? Чаму Беларусь не выканала яе, каб Лукашэнка змог прыехаць на саміт?«

Уладзімір Макей: Я не разумею пра што вы гаварыце, бо праблемы палітзняволеных не існуе. Так, ёсць людзі, якія знаходзяцца ў турме за здзяйсненне канкрэтных правапарушэнняў, канкрэтных злачынстваў. Я дагэтуль не магу зразумець, як могуць трактавацца так званымі «палітычнымі зняволенымі» людзі, якія кідаюць кактэйлі Молатава. Не важна, у будынак расейскай амбасады, у будынак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у будынак Мінабароны і гэтак далей.

«Белсат»: А Мікалай Статкевіч? Ён не кідаў кактэйлі Молатава.

Уладзімір Макей: Гэта асобная гісторыя, можаце паглядзець відэа, якое транслявалася ў заходніх СМІ, як ён заклікаў уварвацца ў будынак ураду некалькі гадоў таму пасля прэзідэнцкіх выбараў. Дарэчы, дзякуючы вось гэтым так званым «палітзняволеным» прасоўванне Беларусі ў кірунку Еўропы крыху застопарылася, запавольваецца. Таму што яны вывелі людзей на плошчу, кінулі іх, стварылі праблему. Вынікі нашых выбараў ацанілі ўсе тады нармальна і станоўча. Пытанне было толькі да тых падзеяў, якія здарыліся пасля выбараў. Пытанне было толькі ў занадта эмацыйнай, з падказкі нашай апазіцыі, ацэнцы Еўразвязам гэтых падзеяў. Таму яшчэ раз: ніякіх палітзняволеных у Беларусі няма. Так, ёсць людзі, якія адбываюць пакаранне за здзяйсненне канкрэтных злачынстваў. Па вялікім рахунку, гэта не праблема.

Больш пра саміт «Усходняга партнёрства» глядзіце ў сённяшнім выданні праграмы «Прасвет» а 21:50.

Сяргей Пеляса, Belsat.eu

Стужка навінаў