Макей у Варшаве: Мы хочам пазбавіцца моцнай залежнасці ад Расеі

video

«Белсат» падчас прэс-канферэнцыі міністра замежных справаў Беларусі ў Варшаве распытаў яго пра тое, ці мае наша краіна намеры разгарнуцца на Захад на фоне цяперашняга вострага канфлікту з Масквой.

«Мы з Расеяй з’яўляемся вельмі цеснымі партнёрамі і хаўруснікамі. Заключана больш як за трыста міжурадавых, міждзяржаўных рэгіянальных пагадненняў і дамоваў. Ва ўсіх сферах, пачынаючы ад палітычнай, эканамічнай, канчаючы вайсковай. На жаль, і ў мінулым і цяпер здараюцца пэўныя канфлікты, пэўныя праблемныя сітуацыі ў нашых адносінах.

У першую чаргу, гэта звязана з пытаннямі гандлёва-эканамічнай супрацы. З пастаўкай газу, нафты і гэтак далей. У мінулым былі цукровыя, малочныя войны. Мы вядома ж разумеем падаплёку, якая хаваецца за гэтымі канфліктамі. Але хачу вас заверыць, што мы заўсёды выходзілі з таго, што праблемы павінны вырашацца, тым больш праблемы паміж блізкімі партнёрамі і хаўруснікамі. Мы думаем, што і цяпер гэтыя пытанні будуць вырашаны.

Што датычыцца прынцыповых нашых партнёраў, мы не збіраемся адрывацца ад Расеі, мы разумеем, што ў эканамічным плане Беларусь дастаткова моцна залежыць ад гэтага. Але мы хочам пазбавіцца гэтай моцнай залежнасці, быць менш залежнымі ад адной дзяржавы, што асабліва стратна ў перыяд фінансавага крызісу і мы былі гэтаму сведкамі. Але гэта не значыць, што мы гатовыя разарваць усе сувязі з нашым галоўным хаўруснікам і партнёрам. Наадварот мы маем намер гэтыя сувязі ўмацоўваць, але разам з тым мы лічым, што ў нашых нацыянальных інтарэсах развіццё нармальных добрасуседскіх адносін з нашымі заходнімі партнёрамі. З краінамі Еўрапейскага звязу, Еўразвязам у цэлым і іншымі геапалітычнымі ворагамі – ЗША, ды іншымі цэнтрамі сілы – Кітаем і гэтак далей.

Таму калі мы і выбудоўваем нашы адносіны з Еўразвязам, Кітаем ці Расеяй, то мы выбудоўваем адносіны не на шкоду нашым іншым партнёрам і не за кошт нашых іншых партнёраў. Мы хочам знайсці разумны, пазітыўны баланс у нашых адносінах з усімі дружалюбнымі краінамі і кантынентамі».

Чытайце таксама >>> У Польшчы Уладзімір Макей назваў ЗША «ворагамі»?

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары