Макей: Размяшчэнне расейскай авіябазы не знізіць ваенна-палітычную напружанасць у рэгіёне


У інтэрвю выданню «КоммерсантЪ» міністр замежных спраў Беларусі пракаментаваў нармалізацыю дачыненняў Захадам, папрокі Крамля наконт «падыгрывання» Кіеву ў канфлікце на Данбасе і размяшчэнне расейскай авіябазы ў Беларусі.

Пра дачыненні з Захадам і ролю Масквы

«Ёсць такі выраз: «Час лечыць». З часам у Еўразвязе зразумелі, што Беларусь – гэта не марыянетка ў чыіх-небудзь руках, а незалежная дзяржава, якая праводзіць самастойную палітыку, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў. Мы не маем нейкіх ружовых надзеяў, што заўтра адкрыюцца ўсе дзверы і Еўразвяз паклічыць Беларусь у абдымкі. Але тэндэнцыя да нармалізацыі адносінаў ёсць».

Пра канфлікт на ўсходзе Украіны

«Мы ніколі не імкнуліся падыграць нейкаму боку на шкоду другому боку. Мы шчыра зацікаўлены ў тым, каб у наш рэгіён прыйшлі мір і стабільнасць, але не ў шкоду нашым адносінам з Расеяй. Як бы банальна гэта ні гучала, тры брацкіх народа стагоддзямі жылі разам. І сёння нам балюча назіраць гэтую велізарную напружанасць, якая існуе ў нашым рэгіёне, у тым ліку паміж двума братэрскімі народамі. І калі два браты сварацца, павінен быць нехта трэці, хто змог бы прыкласці намаганні для іх замірэння. Тут мы сапраўды не проста гуляем ролю пасярэдніка, але спрабуем зрабіць усё магчымае, каб народ Украіны, у тым ліку ў Данбасе, жыў мірна».

Пра размяшчэнне расейскай авіябазы ў Беларусі

«Размяшчэнне гэтай авіябазы не знізіць ваенна-палітычную напружанасць у рэгіёне. Наадварот, авіябаза выкліча раздражненне на адрас і Менску, і Масквы. Акрамя таго, у Беларусі цяпер знаходзіцца столькі авіябазаў, што там у лічаныя гадзіны можна размясціць сотні самалётаў. Таму для нас больш актуальна весці гаворку пра тое, каб быць гатовымі даць аператыўны адказ на выпадак росту напружанасці ў рэгіёне або пагрозы бяспекі Беларусі і Расеі».

Чытайце таксама: Міністр абароны: Які сэнс размяшчаць авіяцыйную базу на тэрыторыі Беларусі?

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў