Макей пра візіт Лукашэнкі ў ЕЗ: Нашыя еўрапейскія сябры ідуць насустрач Беларусі


Гэткім чынам міністр замежных спраў Беларусі пракаментаваў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан.

«Італія для Беларусі – важны эканамічны партнёр. Яна заўсёды займала прагматычную, канструктыўную пазіцыю нават у перыяд абвастрэння адносінаў з ЕЗ. Гэтая паездка была скіраваная на развіццё гандлёва-эканамічных адносінаў. У лепшыя гады наш таваразварот складаў 2-3 млрд долараў. У апошні год ён знізіўся ў тры разы. І нашая задача – вывесці яго на той узровень», – сказаў Макей у праграме «Контуры».

Паводле дыпламата, цяпер адносіны паміж нашай краінай і абʼяднанай Еўропай паляпшаюцца, а санкцыі – страчаныя гады як для Беларусі, так і для ЕЗ.

«Беларусь не зʼяўляецца нейкім раздражняльнікам спакою ў рэгіёне, яна зʼяўляецца донарам стабільнасці ў ім. Мы будзем паўтараць гэта да таго часу, пакуль гэта не будзе канчаткова ўспрынятае. На жаль, нехта яшчэ спрабуе ёрнічаць на гэтую тэму. Наша незалежная пазіцыя па шэрагу пытанняў прывяла да больш пазітыўнай атмасферы ў нашых адносінах з ЕЗ. Гэтым трэба скарыстацца».

Макей пракаментаваў таксама сустрэчу Лукашэнкі з Папам Францішкам.

«Гэтая сустрэча шмат значыць. Кіраўнік Беларусі рэгулярна сустракаецца з галавой Ватыкану. Для нас Ватыкан зʼяўляецца вельмі важным партнёрам. Ватыкан сыграў вельмі важную ролю ў нармалізацыі нашых адносінаў з ЕЗ. Гэтая сустрэча была вельмі важнай, бо католікі ў нас другая канфесія па колькасці, мы зацікаўленыя, каб тая гармонія, мір і стабільнасць у нашым грамадстве засталіся».

Аляксандр Лукашэнка ўпершыню пасля адмены санкцый пабываў у ЕЗ. 20-21 траўня ён наведаў Італію і Ватыкан.

Чытайце таксама >>> Мянчанка: «Дазволілі Лукашэнку ехаць у Італію – чаму б не паглядзець? І сыну паказаць»

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў