Макей: Менск гатовы даслаць міратворцаў на Данбас. Эксперт: Беларускага кантынгенту не будзе


Менск гатовы выдзеліць кантынгент для садзейнічання ўрэгуляванню канфлікта на Данбасе. Пра гэта заявіў у сераду ў Маскве кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, адказваючы на пытанне журналіста.

«Мы гатовыя выдзеліць адпаведны міратворчы кантынгент, калі гэта будзе прымальна ўсім зацікаўленым бакам, для таго, каб удзельнічаць у вырашэнні міратворчых задач», – падкрэсліў міністр Макей.

Пра неабходнасць увядзення міратворцаў на Данбас Кіеў заявіў яшчэ ў 2015 годзе. Некалькі месяцаў таму такую магчымасць дапусціў і Уладзімір Пуцін. На днях кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін заявіў, што Кіеў узгадніў з ЗША асноўныя тэзісы праекта адпаведнай рэзалюцыі.

Беларускі бок прапанаваў увядзенне міратворцаў на Данбас паводле мандату ААН яшчэ падчас перамоваў «Менск-2» у 2015 годзе.

Сёлета ў ліпені Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрамі замежных справаў краінаў – чальцоў АДКБ надаў асаблівую ўвагу ролі Беларусі ў міратворчых працэсах.

«У сучасных умовах крызісу міжнародных дачыненняў вельмі павялічваецца роля дыпламатыі. Менавіта дыпламаты мусяць прадэманстраваць свае ўменні не даць ні малейшай магчымасці прыбягаць да сілавога рашэння спрэчных пытанняў», – зазначыў тады беларускі кіраўнік.

Але Расея апошнія два гады катэгарычна адмаўлялася размаўляць пра міратворцаў на Данбасе. У 2015 годзе тагачасны сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін казаў, што гэта супярэчыла б Менскім дамоўленасцям.

На сённяшні дзень у Крамлі пазіцыю змянілі і цяпер Масква выступае прыхільніцай міратворчай місіі – але на ўласных умовах. У першую чаргу, Крэмль прапануе ўзгадніць пытанне міратворцаў з баевікамі непрызнаных Беларуссю «рэспублік» (насамрэч, узброеных фармаванняў) ЛНР і ДНР.

Юры Царык

Ці можна прагназаваць, што бакі неўзабаве прымуць рашэнне пра ўвядзенне міратворчага кантынгенту ў зону АТА на ўсходзе Украіны? З гэтым пытання belsat.eu звярнуўся да дырэктара Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследванняў Юрыя Царыка.

«Ніякага рашэння няма. Усе разумеюць, што расейская прапанова па міратворцах непрымальная для ўсіх, акрамя Расеі, і не будзе рэалізаваная. А альтэрнатыўныя прапановы РФ не прыме. Таму міратворцаў не будзе», – упэўнены эксперт.

Паводле слоў Царыка, сэнс пазіцыі Беларусі ў тым, каб далей паказаць сябе ў якасці донара міжнароднай стабільнасці, прадэманстраваць сваю гатоўнасць зрабіць унёсак у справу міру ў рэгіёне.

«Акрамя таго, для Менска важна паказаць, што ён падтрымлівае ініцыятыву РФ. Але тычыцца гэта не ўмоваў, а менавіта гатоўнасці прадставіць кантынгент», – сцвярджае палітолаг.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў