Макей: Беларусь ніякай пагрозы і небяспекі Польшчы не нясе


Пра гэта кіраўнік МЗС Беларусі распавёў журналісту газеты «Rzeczpospolita». Стэнаграму інтэрвʼю апублікавала прэс-служба ведамства.

«Я чуў – зноў-такі з вуснаў нашых польскіх калег – што ў рамках падобных вучэнняў прапрацоўваецца сцэнар нападу на адпаведныя суседнія заходнія дзяржавы. Я размаўляў з прадстаўнікамі нашага Міністэрства абароны. Ніколі, паводле іх, такія сцэнарыі не прапрацоўваліся…

Так, мы праводзім вучэнні разам з расейскімі ўзброенымі сіламі, і з узброенымі сіламі іншых краін, якія ўваходзяць у АДКБ. Але я хацеў бы, каб Вы ведалі адно: Беларусь – адзіная краіна, на тэрыторыі якой пасля развалу Савецкага Саюзу не было ніякага збройнага супрацьстаяння.

У нас няма ні да каго з суседніх краін, тым больш ні да каго з далёкіх краін ніякіх – ні тэрытарыяльных, ні іншых прэтэнзіяў. Мы не хочам удзельнічаць ва ўзброеных канфліктах. У нас Канстытуцыя забараняе ўдзел нашых узброеных сілаў у баявых дзеяннях за межамі нашай краіны. Я хацеў бы, каб Вы запомнілі – з тэрыторыі Беларусі ніколі не будзе зыходзіць ні небяспека, ні пагроза для суседняй дзяржавы.

Літаральна пару дзён таму, кіраўнік Беларусі, выступаючы на сумеснай сустрэчы цяперашняга і ранейшага складу Парламента сказаў: «Мы прыедзем ва Украіну. Але прыедзем не на танку, мы прыедзем на трактары». І гэта наша прынцыповая пазіцыя. Вы можаце быць упэўненыя, што тэрыторыя Беларусі ніякай пагрозы і небяспекі Польшчы не нясе».

ДР belsat.eu 

Стужка навінаў