Макей: Беларусь не будзе сябраваць з Еўразвязам супраць Расеі


Міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «Сіньхуа», што Расея зʼяўляецца для Беларусі партнёрам першараднай важнасці.

Макей адзначыў, што Беларусь знаходзіцца на стыку паміж Усходам і Захадам і на сябе адчувае ўсе негатыўныя наступствы канфрантацыі ў рэгіёне.

«Таму мы хацелі б мець, яшчэ раз падкрэслю, роўнанабліжаныя адносіны з усімі. Пры гэтым разумеем, што Расея для нас зʼяўляецца першараднай важнасці стратэгічным партнёрам ва ўсіх адносінах: палітычным, ваенна-палітычным, гандлёва-эканамічным, гуманітарным і гэтак далей», – сказаў міністр.

У 2017 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Расеяй склаў амаль $ 30 млрд, у лепшыя часы ён быў роўны $ 44 млрд.

«Але нават гэтая лічба – $ 30 млрд – кажа пра тое, што з 1995 года таваразварот паміж нашымі краінамі павялічыўся практычна ў шэсць разоў», – канстатаваў дыпламат.

Пры гэтым Макей заявіў, што другі па важнасці партнёр Беларусі – гэта Еўразвяз.

«Мы развіваем нашы гандлёва-эканамічныя, палітычныя адносіны з ЕЗ, пры гэтым гаворым нашым партнёрам, што мы ні ў якай меры не маем намеру сябраваць з вамі за кошт Расеі ці супраць, або на шкоду Расеі », – звярнуў увагу ён.

На думку міністра, толькі за кошт наяўнасці нармальных адносін з усімі глабальнымі гульцамі і ў рэгіёне, і ў свеце ў цэлым Беларусь можа выжыць і ніякіх супярэчнасцяў у такой палітыцы ён не бачыць.

КА, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў