МАК прадставіў эмблему, з якой змогуць выступаць спартсмены з Расеі на Алімпіядзе-2018


Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прадставіў эмблему, з якой прапануецца выступаць расейскім спартсменам на Алімпійскіх гульнях 2018 гадоў.

Па ўмовах удзелу расейцаў у Алімпіядзе на іх форме надпіс «Расея» (Russia) павінна быць заменена на надпіс па-ангельску «алімпійскі спартсмен з Расеі» (Olympic Athlete from Russia).

У спартовай форме расейцаў дазваляецца выкарыстоўваць колеры сцяга Расеі, але яны не павінны быць дакладна такімі, як на сцягу. Розныя прадметы адзення спартсменаў не павінны складвацца ў трыкалор.

Нагадаем, Міжнародны алімпійскі камітэт вырашыў не дапускаць зборную Расеі да ўдзелу ў Зімовай Алімпіядзе, якая пройдзе ў Паўднёвай Карэі.

На карэйскую Алімпіяду не акрэдытуюць ніводнага спартовага чыноўніка. На ёй не будзе гучаць гімн. У Гульнях могуць узяць удзел «чыстыя» спартоўцы, але пад нейтральным алімпійскім сцягам. Такіх атлетаў будуць афіцыйна называць «алімпійскімі спартоўцамі з Расеі».

Рашэнне МАК звязанае з антыдопінгавым следствам, якое цягнулася апошнія паўтара года. Паводле ягоных вынікаў, Расея страціла 11 медалёў з Алімпіяды ў Сочы і апусцілася на трэцяе месца ў агульным заліку.

У ліпені 2016 года Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) выпусціла першую частку дакладу спецыяльнай камісіі пад кіраўніцтвам Рычарда Макларена, дзе сцвярджалася, што ў Расеі з 2011 па 2015 гады была створана цэлая сістэма па ўтойвання станоўчых допінг-проб спартсменаў. У дакуменце наўпрост сцвярджаецца, што гэтай сістэмай кіравалі дзяржаўныя ведамства.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў