МАК назваў тэрміны, у якія будзе прынятае канчатковае рашэнне аб удзеле расейскіх спартоўцаў у Аліпміядзе


Камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) апублікуе спіс расейскіх спартоўцаў, дапушчаных да ўдзелу ў Алімпіядзе, не пазней за 28 студзеня. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт МАК.

Узначальвае сфармаваную камісію кіраўнік Незалежнай арганізацыі допінг-тэставання Валеры Фурнерон.

У пачатку снежня МАК дыскваліфікаваў Алімпійскі камітэт Расеі і абвясціў, што да зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане будуць дапушчаныя толькі «чыстыя» расейскія спартоўцы, не замяшаныя ва ўжыванні допінгу. Яны павінны выступаць пад нейтральным сцягам.

Такое рашэнне МАК прыняў на падставе дакладу незалежнага эксперта WADA Рычарда Макларэна аб сістэматычным ужыванні допінгу расейскімі спартоўцамі і існаванні ў Расеі сістэмы дзяржаўнай падтрымкі ўжывання допінгу. Масква справядлівасць дакладу прызнаць адмовілася, заявіўшы, што ўсе выпадкі ўжывання допінгу насілі індывідуальны характар.

Пасля рашэння МАК Алімпійскі камітэт РФ дазволіў расейскім спартоўцам выступаць на Гульнях пад нейтральным сцягам і паабяцаў аказаць ім падтрымку.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў