Мак-мачанка і мак-крупеня: якія беларускія стравы з’явяцца ў «МакДоналдсе»?


Што з беларускага каларыту з’явіцца ў адной з найбуйнейшых у свеце сетак рэстаранаў хуткага харчавання?

Чызбургеры, прыпраўленыя літараю «ы»

Расейскі гумарыст Міхаіл Задорнаў у 90-ыя гады мінулага стагоддзя вельмі здзівіўся, пабачыўшы ў рэстаране «МакДоналдс» у Менску надпіс «чЫзбургер» праз літару «ы». У тыя часы прынамсі гэтак перадавалася беларуская адметнасць у рэстаранах сусветнай карпарацыі.

Цяпер жа на расейскіх форумах можна пабачыць абвінавачанні, што «Задорнаў – подлы ілгун», бо госці з Расеі моцна расчараваліся, не знайшоўшы ў ніводным беларускім «Маку» цэнніку з надпісам па-беларуску.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Роналд МакДоналд піша да дзетак па-беларуску

«Belsat.eu» запытаўся ў «МакДоналдсу», ці фірма не плануе беларусізавацца: уводзіць беларускі каларыт праз мову ці праз стравы? Кіраўнік кампаніі ў Беларусі Вікторыя Данько адзначыла, што ў траўні 2014 года падчас чэмпіянату свету па хакеі фірма размяшчала інфармацыю на білбордах на трох мовах – па-беларуску, па-англійску і па-расейску.

«Гэтая рэкламная кампанія была паспяховая, і ў будучыні мы будзем ладзіць новыя беларускамоўныя кампаніі», – адзначыла спадарыня Данько. Паводле яе, цяпер вядзецца праца перакладу сайту фірмы «Mcdonalds.by» на беларускую мову. Пакуль жа інтэрнэт-старонка фірмы адчыняецца адразу з англійскімі ды расейскімі надпісамі. Пазнаку «бел», якая вядзе на беларускамоўную версію, не так лёгка і знайсці. Праўда, перайшоўшы на яе, можна знайсці нават беларускамоўны ліст да дзетак сімвала кампаніі – клоўна Роналда МакДоналда.

Сёлета кампанія плануе ў Беларусі ўсталяванне кіёскаў самаабслугоўвання з меню на розных мовах, у тым ліку і па-беларуску, паведаміла кіраўніца беларускага прадстаўніцтва «МакДоналдсу».

Нацыянальны каларыт можа захоўвацца і ў эпоху глабалізму

Больш чым 32 тыс. рэстаранаў «МакДоналдс» ува ўсім свеце падобныя адно да аднаго. Гэта мае адлюстроўваць непахіснасць прынцыпаў і падыходаў палітыкі фірмы. Аднак шмат у якіх краінах карпарацыя ўлічвае таксама нацыянальныя густы і культурныя традыцыі. Гэтак, у суседняй з Беларуссю Польшчы можна купіць весь-мак («весь» – па-польску «вёска») – катлета з ялавічыны вагою чвэрць фунту з гарчыцаю і хрэнам.

У Францыі, да прыкладу, можна пакаштаваць крок-макдо (Croque McDo) – гэта перайманне класічнага французскага адкрытага сандвіча з вяндлінаю і сырам, які вельмі папулярны як сярод парыжанаў, гэтак і сярод турыстаў.

У Мексіцы папулярная страва мак-молет (McMollete) – вынаходніцтва «МакДоналдса» з падсмажанымі бабамі, сырам і мексіканскім соусам, створанае на ўзор традыцыйных мексіканскіх булачак «mollete».

У Галандыі «МакДоналдс» колісь спрабаваў завабіць кліентаў традыцыйным гарохавым супам – erwtensoep, але гэтая ідэя не была надта паспяховай. Затое мак-кракет (McKroket), які нагадвае традыцыйны галандскі кракет, аказаўся больш паспяховым прысмакам. Падавалі ў галандскіх «МакДоналдсах» таксама мясцовыя курыныя ножкі з яблычным пюрэ.

Гамбургер мак-арабія («McArabia») – аладка з ялавічынаю і кменам – надзвычай папулярная страва ў Марока.

У беларускіх рэстаранах «МакДоналдс» бульбяная аладка – гэта далёка не дранік, бо згатаваная паводле таго ж рэцэпту, што і ў іншых краінах. Яе смак будзе такі ж і ў Беларусі, і ў ЗША, і ў Нямеччыне.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Ці з’явіцца мак-мачанка, мак-зацірка і мак-жур?

Што датычыць з’яўлення страваў з беларускай кухні ў кулінарнай прапанове «МакДоналдсу», то фірма адзначае: яны зацікаўленыя ў разнастайнасці меню, у тым ліку за кошт прысмакаў з нацыянальным каларытам. Для ўвядзення такіх страваў, паводле кіраўніцы фірмы, патрэбныя «мясцовыя пастаўляльнікі, здольныя забяспечваць інгрэдыенты для такіх прадуктаў». «Нашая кампанія гатовая актыўна спрыяць развіццю беларускіх дастаўцаў і даваць такім прадпрыемствам неабходныя кансультацыі, а таксама набываць іх прадукцыю пры ўмове канкурэнтнай цаны і якасці, адпаведнай еўрапейскім стандартам і стандартам «МакДоналдсу», – адзначыла кіраўніца фірмы ў Беларусі Вікторыя Данько.

Адкуль жа цяпер пастаўляюцца прадукты для кампаніі? Сайт «МакДоналдсу» паведамляе, што катлеты з ялавічыны вырабляе расейская фірма «МаррРуссия». У 2013 годзе пастаўляльнікам ялавічыны для яе стаў Слонімскі мясакамбінат.

Бульба ў беларускіх «МакДоналдсах» – з Польшчы. Іншая гародніна – з Расеі. Булачкі выпякаюцца кампаніяй «Іст Болт Бейкерыз», найбліжэйшыя да Беларусі пякарні якой – у Маскве і Днепрапятроўску ва Украіне. Адзін з нешматлікіх беларускіх прадуктаў у рэстаранах – гэта курыныя яйкі з Салігорскай птушкафабрыкі.

Таму, можна сказаць, што прынамсі адзін беларускі складнік для заціркі ў «МакДоналдсе» ўжо ёсць. Калі ж мука ды соль будуць пастаўляцца з замежжа, то ці надта гэта паўплывае на беларускі смак стравы?

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Чытайце яшчэ: На запраўках «А-100 АЗС» загаварылі па-беларуску. Што пра гэта думаюць кліенты?

Стужка навінаў