Майстар-клас па дызайну і кірмаш непатрэбных рэчаў: у Берасці прайшоў фестываль «Экалёс»


Фестываль аднаго двара быў арганізаваны валанцёрамі «Прастора КХ». Удзельнікі імпрэзы паказалі, што можна самаарганізавацца і без дапамогі ўладаў, зрабіць свой двор лепшым і спрыяльным для жыцця.

Мясцовыя жыхары паставіліся да ініцыятывы з насцярогай, але ўсё ж некаторыя далучаліся да ўдзельнікаў фестывалю. Для дзяцей фарбавалі арэлі і будавалі пясочніцу, для птушак выраблялі шпакоўні і кармушкі, для ўсіх – саджалі кветкі і хмызнякі ў клумбы – ствараючы ландшафтную кампазіцыю.

А таксама арганізавалі майстар-клас па дызайну. Кожны жадаючы атрымаў магчымасць зрабіць прынт з лагатыпам фестывалю і падарыць новае жыццё старым рэчам. На кірмашы непатрэбных рэчаў кожны мог прынесці тое, што яму ўжо не трэба, а ўзяць – неабходнае. Дзеці гулялі ў дваровыя гульні, а дарослыя займаліся ёгай, разглядалі здымкі на фотасушцы, на якой былі размешчаныя фатаграфіі берасцейскіх двароў.

«Гэта фестываль аднаго двара. Гэта такая спроба самарганізавацца, і сваймі сіламі зрабіць нешта карыснае для сябе і людзей, якія тут жывуць. Нават для птушак, для якіх робім кармушкі і шпакоўні. Я думаю, людзі пабачаць, што так можна рабіць, і наступным разам іх на падобных фестывалях будзе значна больш. Яны самі пачнуць рабіць свае двары камфортнымі для жыцця». – распавёў belsat.eu адзін з арганізатараў фэсту Сяргей.

«Прыехала сюды, бо тут новы фармат, усё крэатыўна, без нейкай палітычнай афарбоўкі, што ўжо надакучыла. Важна, што не пад сцягам БРСМ, што рэдка бывае. Людзі цікавыя, робяць важную справу, душэўна ўсё тут. Вельмі спадабалася фотасушка, класныя здымкі, якія паказваюць наш горад у нязвыклым ракурсе», – кажа belsat.eu берасцейка Людміла.

Алесь Ляўчук, фота Мілана Харытонава, belsat.eu

Стужка навінаў