«Май, труд, мір!». Горадня святкуе ў лесе


Пакуль «недармаеды» выходзяць на пратэсты, у іншых месцах праходзяць дзяржаўныя мітынгі і святкаванні. У Горадні – «стабільнасць».

Гарадзенскі першамайскі мітынг перанеслі ў лесапаркавую зону «Пышкі». Надвор’е выдалася сонечным і сапраўды, замест традыцыйных парадаў, перспектыва памітынгаваць у лесе, паесці кілбасак і выпіць «чакушку», пакуль ніхто не бачыць, выглядае больш прывабнай.

Кветачкі на чырвона-зялёных стужках, гучныя лозунгі са сцэны, пафасныя віншаванні герояў працы, а самае галоўнае – агульнае фота са старшынёй прафсаюзу, – свята ўдалося!

Дзень працы адзначаюць у 142-х краінах свету, але хто сёння памятае, чаму ён паўстаў?

Каму Першамай, а каму дзень зязюлі і сусліка.

У сярэдзіне 19 ст. усё болей людзей з вёсак эмігравала ў гарады працаваць на фабрыкі і заводы. Людзі працавалі па 12-15 гадзін без выходных. Цяжкая фізічная праца прыносіла заробак, якога нават не хапала на ежу. Паўсюдным была таксама дзіцячая праца. Жыллёвыя кварталы былі перанаселеныя.

Усё гэта прыводзіла да абвастрэння сацыяльнай абстаноўкі. Рабочыя сталі аб’ядноўвацца ў прафсаюзы, патрабаваць павышэння заробкаў, мітынгаваць. Усё болей папулярнымі ставаліся сацыялістычныя і камуністычная ідэі.

1 мая 1886 года арганізацыі анархістаў ЗША і Канады ладзілі шэраг мітынгаў, адзін з якіх скончыўся трагічна. У Чыкага мірная дэманстрацыя працоўных з патрабаваннем 8-гадзіннага рэжыму працы перарасла ў бойню. Мітынг жорстка разагналі, паліцыянты пачалі страляць у натоўп, некалькі чалавек загінула.

Чатырох працоўных-анархістаў пакаралі смерцю за тэракт, які не быў даказаны.

У памяць пра гэтыя трагічныя падзеі 1 мая 1890 года, Парыжскі кангрэс II Інтэрнацыянала абвясціў 1 мая 1890 года Днём салідарнасці рабочых усяго свету, і прапанаваў адзначыць яго дэманстрацыямі з патрабаваннем 8-гадзіннага рабочага дня і іншымі сацыяльнымі патрабаваннямі. Тады ўпершыню 1 мая адзначалі працоўныя па ўсім свеце: Бельгіі, Францыі, Нямеччыне, ЗША, Даніі, Іспаніі ды іншых краінах.

Аднак святкаванне 1 мая ў многіх краінах страціла свой першапачатковы сэнс. Для Нідэрландаў сёння гэта фестываль цюльпанаў, для скандынаваў – «Дзень зязюлі», калі людзі паляць вогнішчы, водзяць карагоды і адганяюць вядзьмарак. У Канадзе – дзень сусліка, у які проста не выпадае быць цвярозым. А ў ЗША – гэта працоўны дзень.



Першамай у Беларусі дагэтуль застаецца пародыяй святкавання на савецкі манер. Амаль зніклі чырвоныя сцягі, але працоўных усё так жа выганяюць загадам «зверху» на ранішнія мітынгі. Толькі замест галоўнага пляца – у лес.



Апазіцыйныя лідары заклікаюць на пратэст, але толькі ў сталіцы. Горадню «святочныя» пратэсты абмінулі. Мясцовыя лідары «здушаныя», а ў лядоўнях гарадзенцаў пакуль яшчэ ёсць сала і бульба.

Па тэме: 

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў