Махляр сабраў $ 60 тыс. з менчукоў, якія хацелі набыць «танныя тэлефоны»


Прапаноўваў «танныя» тэлефоны

Аператыўнікі Савецкага РУУС сталіцы затрымалі за махлярства 46-гадовага мужчыну, паведамляе прэс-служба Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму.

Даверлівым грамадзянам ён казаў, што з’яўляецца бізнесоўцам-пачаткоўцам і рэалізуе дарагія мабільныя тэлефоны. У прэйскуранце былі пазначаныя тэлефоны «iPhone 7» за $ 550 і «iPhone 7» за $ 650. Мужчына сцвярджаў, што нізкія цэны абумоўленыя тым, што апараты прывезеныя з ЗША, а таксама перададзеныя яму партнёрамі па бізнесе з Расеі.

Некалькі тэлефонаў, якія махляр набыў у менскіх салонах сотавай сувязі ў растэрміноўку, сапраўды былі прададзеныя шчаслівым уладальнікам па ўказаных цэнах, пасля чаго інфармацыя пра выгаднае набыццё разляцелася па сталіцы. Дзякуючы гэтаму папоўнілася і кліенцкая база.

Аператыўнікі высветлілі, што мужчына завалодаў сумай, якая перавышае $ 60 тыс. Некаторыя пакупнікі набывалі тэлефоны для сябе, іншыя спадзяваліся перапрадаць даражэй і праплачвалі цэлыя партыі.

Супраць затрыманага распачалі 4 крымінальныя справы паводле арт. 209 («Махлярства») Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У міліцыі зарэгістравалі 15 заяваў ад пацярпелых, аднак праваахоўнікі мяркуюць, што пакупнікоў было значна больш.

Пацярпелых ад дзеяннях махляра (глядзіце фотаздымак) просяць звяртацца ў Савецкае РУУС Менску асабіста альбо па тэлефонах: (8017) 239-67-89, (8017) 292-02-02, 102.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў