Махінацыямі з водгукамі: паглядзіце, як вас падманваюць у інтэрнэце!


Мікра-памылачкі, троху эмоцыяў, зусім троху – крытыкі… Каб хлусня была больш натуральнаю, яе шпігуюць дробязямі: менеджар Арцём, аплата картаю ў агульнай залі, скураныя фатэлі… Замоўцы фальшывых водгукаў і каментароў намагаюцца хавацца, але шукаючы выканаўцаў у сеціве – складана застацца ананімным. Даведаемся, хто маніпулюе нашым выбарам і колькі гэта каштуе.

Напрыклад вы шукаеце вазок для дзіцяці. У водгуках на тэматычных форумах знаходзіце цэлы ланцуг задаволеных менавіта крамаю kind.by.

Кацярына Гуляй піша: «Очень приятный и вежливый персонал! Привезли покупку в оговоренное время и отличного качества ( детская каталка Хамер). В добавок получили подарок ( маленькая мягкая игрушка)! Всем рекомендую! Буду снова там покупать

Гэтую ж Кацярыну сустракаем з іншым каментаром пра краму ўжо на форумах tut.by. Правяраем у пошукавіку імя і прозвішча дзяўчыны… – Не сапраўдныя.

Замоўцу хлуслівых каментароў пра дзіцячыя тавары знаходзім сярод ёй падобных – на старонцы Advergo, якая пазіцыянуе сябе як найбуйнейшая біржа кантэнту на постсавецкай прасторы. Тут любы зарэгістраваны карыстальнік можа знайсці працу: пісаць тэксты паводле тэхнічнага задання – для старонак, медыяў, крамаў. У пошуку знаходзім заданні «толькі для Беларусі» і бачым:

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Ваш каментар мае ўтрымліваць спасылку на канкрэтны тавар, быць карысным для наведнікаў форума і не выглядаць як рэклама» – чытаем у тэх-заданні. Кошт на падман спажыўцоў – $ 0,75 за 50 знакаў – даволі высокі для гэтай пляцоўкі. Зазвычай на махінацыях з меркаваннямі зарабляюць $ 0,10-0,45. Нават пры інтэнсіўнай працы больш за $ 5 на дзень не заробіш. Таму хто ёсць асноўным выканаўцам працы – здагадацца не складана… Школьнікі. Аглядны артыкул яны не напішуць, таму «водгукі», «лайкі ў сацыяльных сетках», «рэпосты» і «схаваная рэклама на форумах» – гэта іхная ніша.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Хлусіць беларускім спажыўцам наконт мэблі – можа і менш цынічна, але нікому з нас гэта б не спадабалася. У тэхнічным заданні крамы mymebel.by напісаныя нават ключавыя словы, каб праз пошукавыя сістэмы чалавек з большаю імавернасцю трапіў на замоўлены водгук.

У наступным заданні – набор мэтавай аўдыторыі ў групу крамы bustier.by. Толькі для дзеўчын з сапраўдным жывым акаўнтам у ВК!

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Пасля гэтага не хочацца і глядзець на колькасць удзельнікаў ВК, бо гэта ўжо не крытэр папулярнасці групы. Пераважна ў рунэце створаныя сотні тэматычных старонак, дзе кожны замаскаваны пад дарослага няпоўнагадовы гатовы дурыць вам галаву дзеля добрых продажаў у фірме Х:

– займацца накруткаю лайкаў/карыстальнікаў у групы ($ 0,03/0,06 за 1 паслугу);

спаміць на тэматычных форумах($ 0,10-0,45 за 1 паслугу);

– пакідаць водзывы ў даведніках ($ 0,30-0,50 за 1 паслугу).

Сайт Advergo быў узяты за прыклад, бо мае выключны статус. Гэта зарэгістраваная арганізацыя, а яе працаўнікі – праходзяць рэгістрацыю пад сапраўднымі імёнамі і абавязаныя плаціць падаткі ў Расеі. Значыць, дзяржаве не замінае, што прадукаваны на фабрыцы слова кантэнт – уводзіць спажыўцоў у зман.

Ужо дарослыя, нярэдка журналісты, бяруцца за больш сурёзную працу. Пішуць «незалежныя» аглядныя артыкулы пра тавары адной групы, але пэўны прадукт вылучаюць як найлепшы ($ 2-3 за 2000 знакаў на біржы, да $ 10 праз агенцыю). Ці складаюць пазітыўны матэрыял пра новаадчыненую рэстарацыю ($ 1,5 -2 за 2000 знакаў на біржы, да $ 50 праз агенцыю). На старонках саміх рэкламных агенцыяў інфармацыя пра такую паслугу ўжо адкрыта паказаная ў прайс-лісце.

Арганізацыі вымушаныя хлусіць?

Не будзем рэкламаваць старонак, якія займаюцца накруткаю лайкаў, наведвальнасці, праглядаў відэа ў youtube, а таксама інвайтам (запрашэннямі) людзей у групы, аплатаю за стварэнне блогаў на старонках. Іх тысячы і знайсці таннае «прасоўванне бізнесу ці старонкі» можна на працягу 10 хвілін. Па гэтыя паслугі раней ці пазней звяртаюцца і не схільныя штучна раскручваць свой рэсурс. Бо ў іх… няма іншага выбару. Не будзеце мець добрага трафіку на сваю старонку, сурёзнай аглядальнасці (мінімум ад 1000 на дзень), вас папросту не будзе на першых старонках пошукавікоў. Тое самае датычыць выкарыстання ў тэкстах ключавых словаў (тых, якія інтэрнаўты найчасцей уводзяць у полі пошуку). Пра кадаванне кантэнту цяпер дбаюць не толькі камерцыйныя арганізацыі, але і найбольш чытальныя медыі. У рэдакцыях буйных парталаў SEO-артыкуламі абавязкова займаецца прынамсі адзін журналіст.

Новая рэклама

За пералічанымі тэхналогіямі ў сеціве замацоўваецца назва «новая рэклама». Абслугоўваюць змест адмысловыя праграмы – тэксты аўтараў правяраюцца на наяўнасць ключавых словаў, унікальнасць (адсутнасць плагіяту), граматычныя і стылістычныя памылкі, ваду, прызнакі рэрайту (пераробкі тэксту).

Гэта сурёзная індустрыя, якую абслугоўваюць псіхолагі, сацыёлагі, аддзелы спецыялістаў, выканаўцы і праграмнае абсталяванне. Усё дзеля таго, каб заняць хоць нейкае больш высокае месца ў продажах тавараў і паслугаў. Галоўнае, каб мы шукалі «правільна» і знаходзілі тое, «што трэба».

ЮЦ, belsat.eu

Стужка навінаў