Магутны пажар у менскім шматпавярховіку. Эвакуявалі 27 чалавек (фота, відэа)


Агонь разгарэўся на шостым паверсе 10-павярховага менскага дому, з верхніх паверхаў давялося эвакуяваць жыхароў.

Паводле інфармацыі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, паведамленне аб пажары ў кватэры жылога дому па вуліцы Гурскага паступіла 16 чэрвеня а 22.01. Пажар успыхнуў у жылым пакоі, на балконе і ў калідоры чатырохпакаёвай кватэры.

Выратавальнікам давялося эвакуяваць з кватэраў, якія знаходзяцца вышэй, 27 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей. Пацярпелых сярод іх няма, падае interfax.by.

Гаспадыняй кватэры, дзе ўзнік пажар, з’яўляецца настаўніца адной з менскіх школ. Як паведаміў прэс-сакратар Менскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі, жанчына пражывае сумесна з мужам і двума дзецьмі. Са слоў суседзяў, характарызуюцца станоўча, ніхто з сям’і не паліць. На момант пажару гаспадыня знаходзілася ў кватэры адна, да прыбыцця выратавальнікаў самастойна пакінула кватэру.

Прычына ўзгарання высвятляецца. У якасці адной з версій разглядаецца кароткае замыканне электрапровадаў ноўтбука.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў