Магілёўскія кіроўцы змагаюцца за лепшыя дарогі


Яны пісалі скаргі, саджалі клумбы ў ямінах і ўскладалі кветкі ў памяць добрых дарогаў. Цяпер Магілёўскі цэнтр бяспекі руху збірае подпісы абураных кіроўцаў гораду, каб урэшце паразмаўляць з мясцовымі чыноўнікамі аб якасці гарадскіх дарог.

«Грошы размяркоўваюцца нямэтавым чынам. Таму хочам зладзіць круглы стол з кіраўніцтвам гораду, каб там удзельнічалі простыя кіроўцы, кіраўнікі звязу маршрутчыкаў, супрацоўнікі ДАІ. Каб мазгавым штурмам вызначыць – што для нас важней», – кажа заснавальнік установы «Магілёўскі цэнтр бяспекі руху» Ілля Палоннікаў.

А грошы на беларускія дарогі павінны ісці немалыя. Сярэдні дарожны падатак складае 126 рублёў у год на аўта, а для шэрагу катэгорыяў аўтамабілістаў ёсць яшчэ і асобная дарожная мыта. Так кіроўцы маршрутак двойчы на год плацяць па 500 рублёў. А ў выніку – менавіта яны найбольш наракаюць на магілёўскія дарогі.

«Першы шэраг разбіты, нам трэба абʼязджаць, нас за гэта карае ДАІ. Гэта ж не давядзеш, нас не чуюць, не разумеюць – шмат у каго з нас дарагія аўты, яны патрабуюць дарагога рамонту – то бок рамонту падвескі, ды іншае», – кажа кіроўца маршруткі Сяргей Афанасенка.

«Разумееце, нас ДАІ карае – мы павінныя ехаць у правым шэрагу, а вось едзе ДАІ ззаду і пакарае за левы шэраг – парушэнне, штраф, прыпыненне», – выказваецца кіроўца маршруткі Дзмітрый Цярэшчанка.

А прыпыненне – азначае для кіроўцы маршрутнага таксі 10 дзён без права ажыццяўляць перавозкі асобаў. Самыя магілёўскія пасажыры ад стану родных дарогаў таксама не ў захапленні.

«Ну вось тут асабліва, кіроўцы не падʼязджаюць да бардзюру, а ў мяне ногі хворыя, мне вельмі цяжка».

«Дарогі ў нас жахлівыя, гэта ні для кога не таямніца. Нават прыдваравыя тэрыторыі – разбітыя ўшчэнт».

«Двойчы за мінулае лета я асабіста сам улятаў на абочыну. Натуральна з-за ямінаў».

Актывісты падкрэсліваюць, што без афіцыйнага звароту соцень кіроўцаў, дыялог з уладамі немагчымы, бо рэакцыя на ранейшыя скаргі была надта нервовая.

«Як паказала практыка нашых мінулых акцыяў… ну перашкаджалі іх праводзіць і сказалі канкрэтна – выйдзеце на дарогі – будзем прымаць захады», – кажа заснавальнік установы «Магілёўскі цэнтр бяспекі руху» Ілля Палоннікаў.

За першыя некалькі дзён актывісты сабралі каля двух сотняў подпісаў. Кіроўцы падпісваюцца за лепшыя дарогі яшчэ з 2013-га году, але сёлета яны не проста патрабуюць лепшых дарогаў, а прапануюць уладам сваю дапамогу за круглым сталом.

belsat.eu

Стужка навінаў