Магілёўская турфірма плануе прывезці з Афрыкі футбалістаў «на продаж»


Транспартна–турыстычная кампанія Т-34, плануе наладзіць новы бізнес: завоз у краіну футбалістаў з Афрыкі.

На гэтым тыдні людзі звязаныя з беларускім футболам (на колькі мы ведаем падобныя лісты былі адпраўлены ва ўсе клубы вышэйшай лігі) атрымалі лісты ад магілёўскага турыстычнай кампаніі з прапановай прыняць удзел у таварыскім футбольным матчы з камандай вышэйшай лігі адной афрыканскай краіны, а «пасля гульні гульцы з афрыканскай краіны будуць выстаўлены на продаж» – гаворыцца ў лісце.

Мы звязаліся з прадстаўніком турфірмы Уладзімірам Пашкевічам, які пацвердзіў гэтую інфармацыю. Па словах Пашкевіча ўсё ўзгоднена з магілёўскім спорткамітэтам. Хаця па беларускім заканадаўстве падобная дзейнасць незаконная без рэгістрацыі ў Беларускай федэрацыі футбола.

«Прывязём у Магілёў каманду з вышэйшай лігі афрыканскай краіны, якую пакуль не будзем называць, але паверце, гэта добрая каманда, яны тут згуляюць таварыскі матч, і гульцы якія спадабаюцца нашым пакупнікам могуць быць прададзеныя», – заявіў Уладзімір Пашкевіч.

«Чалавек, што займаецца турызмам, вырашыў падзарабіць. У выпадку трансфераў беларускі футбольны рэгламент забараняе плацяжы паміж фізічным асобамі. Толькі клуб плаціць клубу. Трэцяга няма, – гаворыць вядомы беларускі футбольны агент Валерый Ісаеў, – Клубы выстаўляюць гульцоў на трансфер (пераход). І ўсім зразумела, што трэба весці перамовы аб кошце, але гэта могуць рабіць толькі клубы».

Алесь Ляўчук Belsat.eu

Стужка навінаў