Магілёўскія актывісты стварылі ў сеціве віртуальны «Туалет-надзор»


Зрабіць грамадскія прыбіральні Магілёву даступнымі, прыемнымі, а таксама павялічыць іх колькасць вырашылі актывісты Цэнтру грамадскіх ініцыятываў. Кажуць – месцаў для спраўлення натуральных патрэбаў катастрафічна не хапае на 300-тысячны населены пункт, а ў спальных раёнах гораду іх папросту няма.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:
«Вось зараз якраз хачу знайсці туалет і нідзе не магу яго знайсці! А калі дзе і ёсць, то, напэўна, платны».
«Туалеты? Я лічу, што іх вельмі мала, вось у дадзеным раёне толькі ў парку культуры».
«Калі чалавек прыезджы, і яму патрэбна будзе па малой патрэбе дзесьці зайсці – вельмі складана знайсці ў нас у Магілёве грамадкі туалет. Таму трэба каб яны хоць былі!»

Выправіць далікатную і неабходную для ўсіх праблему наважыліся актывісты «Цэнтру грамадскіх ініцыятываў гораду». Яны стварылі віртуальны «Туалет-надзор».

ДЗЯНІС ВАСІЛЬКОЎ, ЦЭНТР ГАРАДСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ:
«Праз нашу старонку мы плануем збіраць выпадкі нядопуску ў туалет, бо ў прыбіральню людзей павінны пускаць. Не забаронена наведванне туалета, нават калі ты не з’яўляешся кліентам. Па другое, мы будзем збіраць фатаграфіі і водгукі наведнікаў туалетаў, як добрых, так і дрэнных».

Актывісты ўжо атрымалі адказ Магілёўскага гарвыканкаму на пытанне, ці можа звычайны чалавек наведаць прыбіральню ў прыватнай кавярні ці рэстаране? Высветлілася, што, закон гэтага не забараняе.

АЛЕНА БАРЫСАВА, ЦЭНТР ГАРАДСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ:
«Павінны ўсе ўладальнікі кавярняў, крамаў, яны проста павінны ведаць, што гэта права кожнага жыхара гораду і госця гораду: прыйсці і атрымаць гэту паслугу».

І рэч тут не толькі ў звычайнай павазе або чалавечнасці…

ДЗЯНІС ВАСІЛЬКОЎ, ЦЭНТР ГАРАДСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ:
«Спраўленне патрэбы на вуліцы – гэта парушэнне закону, у прыватнасці артыкулу № 171 Адміністрацыйнага кодэксу, гэта дробнае хуліганства, і санкцыі там даволі сурёзныя: і штраф, і арышт на содні».

Актывісты ўпэўненыя, што адчыненыя дзверы прыбіральняў прыватных установаў і павелічэнне колькасці грамадскіх месцаў для натуральных патрэбаў толькі прыцягнуць кліентаў ды гасцей у горад на Дняпры. Пры гэтым і мясцовыя не застануцца ў накладзе.

КС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары