Магіляўчанка пазнаёмілася ў сацсетках з «бізнесоўцам з Англіі» і перавяла яму $ 17 тыс.


Следчы камітэт расследуе справу аб махлярстве. Ахвярай зламысніка стала жанчына з Магілёва, паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк.

Падчас папярэдняга следства ўстанавілі, што пацярпелая пазнаёмілася з мужчынам у сацыяльных сетках. Ён прадставіўся «бізнесоўцам з Англіі». Падчас перапіскі, якая цягнулася амаль год, ён прызнаваўся ў каханні, абяцаў усё кінуць дзеля жанчыны і прыехаць да яе ў Магілёў. Але, каб прыехаць, яму трэба разабрацца з бізнесам, а для гэтага патрэбныя грошы. Таму мужчына прасіў перавесці яму грошы з умовай, што ён абавязкова іх верне.

Жанчына неаднаразова рабіла пераводы, агульная сума склала $ 16,8 тыс. Аднойчы мужчына нават вярнуў $ 2,2 тыс. І толькі калі ён канчаткова знік, жанчына зразумела, што яе ашукалі.

Цяпер следчыя разам з міліцыянтамі разам з міліцыянтамі ўсталёўваюць асобу злачынцы. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненая ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў