М’янма выбірае парламент. Вайсковай хунце можа прыйсці канец


Сёння М’янма галасуе на парламенцкіх выбарах. Праз паўстагоддзя пасля ўсталявання рэжыму вайскоўцаў, краіна мае шанец стаць дэмакратычнай. На фотаздымках з выбарчых участкаў бачна, што жыхары глядзяць на выбары як на выключную падзею: усе апранутыя па-святочнаму.

Усеагульныя выбары праводзяцца ўпершыню пасля перадачы ўлады цывільнаму ўраду і пачатку эканамічных і палітычных рэформаў у 2011 годзе, пры гэтым прэзідэнцкую пасаду працягвае займаць вайсковы лідар генерал Тан Шўе.

Папярэднія выбары ў 1990 годзе прынеслі перамогу партыі «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» на чале з праваабаронцай Аўн Сан Суў Чы – легендарнай постаццю бірманскай палітыкі, аднак генералы анулявалі вынікі выбараў і ўсталявалі дыктатуру. Чакаецца, што пасля сённяшніх выбараў «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» зноўку атрымае большасць месцаў у Асамблеі Звязу. На гэты раз генерал Тан Шве абяцаў паважаць народнае волевыяўленне, хоць і сказаў, што занадта хуткія перамены могуць, на ягоную думку, прывесці да нестабільнасці.

Лідарка апазіцыі заявіла, што будзе «над прэзідэнтам», калі яе партыя заваюе канстытуцыйную большасць.

У М’янме адсутнічае няма магчымасці праводзіць аб’ектыўныя сацыялагічныя апытанні, так што прадказаць вынікі галасавання ніхто не можа. Выбарчыя ўчасткі ахоўваюць 40 тысяч паліцыянтаў.

Прыхільнікі Аўн Сан Суў Чы асцерагаюцца фальсіфікацыяў. Акрамя таго, магчымасці прагаласаваць пазбаўленыя некалькі соцень тысяч мусульманаў-рохінг’я, нашчадкаў уцекачоў з Індастана, якія зазнаюць у будысцкай М’янме дыскрымінацыі і ўціскам. Наагул, этнічныя меншасці ўскладаюць на эпахальныя выбары вялікія надзеі : перш за ўсё яны спадзяюцца на большую аўтаномію ад цэнтральных уладаў.

Даведка «Белсату»

Аўн Сан Суў Чы

Выкарыстоўваючы вучэнні Магатмы Гандзі і Марціна Лютэра Кінга, а таксама будысцкія канцэпцыі, яна занялася палітыкай з мэтай дэмакратызацыі ўлады. У 1988-ым Аўн Сан Суў Чы заснавала «НЛД», але ўжо праз некалькі месяцаў была арыштаваная. Ёй прапаноўвалі вызваленне, калі яна пакіне краіну, але Аўн Сан Суў Чы адмовілася. Праваабаронца правяла пад хатнім арыштам 15 гадоў. Яна атрымала Нобэлеўскую прэмію міру і прэмію Сахарава ад Еўрапарламенту.

Вызваленнем Аўн Сан Суў Чы займаўся асабіста генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун. У лістападзе 2010 года, праз дзень пасля перамогі на першых за 20 гадоў выбарах створанай хунтай партыі «Звяз салідарнасці і развіцця», урад пагадзіўся вызваліць Аўн Сан Суў Чы.

Глядзі таксама
Каментары