Людзі сабралі грошы сям'і, у якой праз беднасць забралі дзіця – і сына вярнулі


31 жніўня Алесі Фаміных і Андрэю Коўзіку ў Лоева вярнулі 3-месячнага Максіма. Дзяржава забрала хлопчыка ў прытулак праз беднасць бацькоў.

Пасля таго, як на сітуацыю апісала «Радыё Свабода», дабрачынныя арганізацыі і неабыякавыя беларусы дапамаглі Алесі і Андрэю грашыма, якія дазволілі выканаць патрабаванні камісіі па справах непаўналетніх: адрамантаваць хату, правесці ваду, змяніць газавую пліту і назапасіць дроваў.

«У чацвер была камісія. Усё праверылі, сказалі, што мы малайцы. Абяцалі аддаць Максіма. Ён быў у прытулку ў Гомлі, – распавяла Алеся Фаміных. – Учора, 31 жніўня, сына нам прывезлі».

34-гадовая Алеся Фаміных нарадзіла хлопчыка 10 траўня. Цяжарнасць была нялёгкай, жанчына шмат часу праводзіла па больніцах. Пасля нараджэння ў малога выявілі парок сэрца, таму яго з маці пакінулі ў больніцы. Пасля выпіскі дзіця забралі ў прытулак паводле рашэння камісія па справах непаўналетніх Лоеўскага райвыканкаму, якая звяртала ўвагу на тое, што бацька Максіма злоўжываў алкаголем, а ў хаце панавала антысанітарыя ды не было дастатковай колькасці дзіцячага адзення і посуду. Удома ў Лоеве маленькі Максім да гэтага часу ня быў.

«[Бацькі] сваімі паводзінамі пазбаўляюць дзіця мінімальных сацыяльных выгодаў, неабходных для паўнавартаснага разьвіцця, [у сям’і] адсутнічае які-кольвек прыбытак, няма водаправоду», – прапісалі чыноўнікі ў рашэнні.

Да цяжарнасці Алеся Фаміных працавала прыбіральшчыцай, мела заробак Br 200. Яе грамадзянскі муж не працаваў. Раней ён трапляў у поле зроку міліцыі праз злоўжываньне алкаголем. Пасля нараджэння малога Андрэй прайшоў лекаваньне ад алкагалізму, уладкаваўся на працу.

Жыхарка Лоева прызнае, што жыльлёвыя ўмовы не былі ў сям’і найлепшыя, але прычына гэтаму – мізэрныя заробкі, адсутнасць працы ў райцэнтры.

Дапамога ад людзей дазволіла Алесі і Андрэю зрабіць невялікі рамонт, купіць газавую пліту, перарабіць печку і комін ды нарыхтаваць дровы.

На правядзенне водаправоду грошы пералічыла дабрачынная каталіцкая місія «Карытас–Міласэрнасць». Абяцае аказаць дапамогу і грамадзкае аб’яднанне «Rotary Club Minsk Сity». Яны ў бліжэйшы час наведаюць сям’ю – прывязуць неабходныя рэчы для маці і дзіцяці.

Сям’я Алесі і Андрэя ўдзячная ўсім, хто не застаўся абыякавым ды дапамог ім маральна і матэрыяльна.

ДД

Стужка навінаў