Людзі праявілі незвычайную салідарнасць у адказ на тэракты ў Парыжы

video

На трагічныя здарэнні ў французскай сталіцы, якія забралі жыцці каля 130 асобам, Францыя і свет адгукнуліся вялікай салідарнасцю.

«Фэйсбук» аўтаматычна прапаноўваў жыхарам Парыжу і ваколіцаў паведаміць, што з імі ўсё ў парадку. Такое паведамленне, да прыкладу, атрымаў беларус Леанід Навіцкі, які жыве пад Парыжам.

Пасля выбухаў ды абстрэлаў у 6-ці розных месцах у Парыжы, жыхары французскай сталіцы распачалі акцыю ў сацыяльных сетках, запрашаючы адмысловым хэштэгам #PorteOuverte (адчыненыя дзверы) на начлег тых, хто выпадкова аказаўся ў гэтым горадзе.

Тысячы людзей ва ўсім свеце пазначалі сваю салідарнасць з блізкімі ахвяраў хэштэгам #PrayForParis.

Былы славуты футбаліст і мадэль Дэйвід Бэкхэм напісаў у сацсетках: «Калі сонца ўзыдзе над гэтым выдатным горадам, мы будзем успамінаць людзей, якія загінулі. Нашы думкі з усімі, хто страціў сваіх блізкіх…»

Парыжскія таксісты бясплатна развозілі мінакоў з начных вуліцаў, калі стала вядома пра выбухі і абстрэлы.

Калі футбольных заўзятараў пачалі выводзіць з трыбунаў пасля выбухаў на парыжскім стадыёне «Стад дэ Франс», фаны пачалі спяваць французскі нацыянальны гімн «Марсельезу». На стадыёне тады было каля 80 тыс. заўзятараў, прысутнічаў прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд.

Пасля трагічных падзеяў улады Парыжу выключылі асвятленне не Эйфелевай вежы, у сваю чаргу ў шмат якіх краінах свету будынкі і помнікі асвятлілі колерамі французскага сцяга. У сіне-бела-чырвоных фарбах свяціўся Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку, пабудаваны на месцы разбураных тэрарыстамі ў 2001 годзе вежаў-блізнят. Гэтаксама заззяў стадыён «Уэмблі» ў Лондане ды нават статуя Хрыста ў Рыё-дэ-Жанэйра.

У шматлікіх краінах людзі панеслі кветкі і свечы да амбасадаў Францыі. Неабыякава праявілі сябе і беларусы, прыйшоўшы пад французскае пасольства ў Менску.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары