«Людзі нервуюцца, калі на кожным кроку стаіць КДБ». Што адбываецца ў Воршы і раёне пасля прыезду Лукашэнкі


Скандальны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Воршу, паводле яго ж слоў, стаў «апошняй кропляй» у прыняцці рашэння аб змене ўраду. Карэспандэнтка belsat.eu выправілася на Аршаншчыну і даведалася, чым жыве рэгіён на фоне падвышанай увагі з боку ўладаў.

На Аршанскім інструментальным не ведаюць, навошта ім Воўк

Ля прахадной Аршанскага інструментальнага заводу ажыятаж: пад’язджаюць машыны на ўрадавых нумарах, мітусяцца кіраўнікі і падначаленыя. Прычына – візіт намесніка міністра прамысловасці Сяргея Гунько. Кіроўца чакае яго ў аўце больш за тры гадзіны. «Усе на нервах», – коратка тлумачыць ён нам.

Аршанскі інструментальны завод, прахадная. Фота belsat.eu

З 11-й раніцы і да вечара пятніцы дырэктар Уладзіслаў Бардзюкоў – на нарадах з менскім і мясцовым чынавецтвам, часу на каментар belsat.eu яму не хапае. Сярод пытанняў на парадку дня – тэрміновае добраўладкаванне тых карпусоў завода, якімі асабліва абурыўся Лукашэнка. Працы гэтыя настолькі пільныя, што выходныя для рабочых перанеслі на канец месяца.

«На дадзены момант людзі выходзяць на працу чатырнаццаты дзень запар. Да таго ж нам трэба, каб чалавек 20 ад заводу паўдзельнічалі ў суботніку», – паведаміў нам адзін з прадстаўнікоў «вярхушкі» прадпрыемства, які папрасіў не афішаваць ягонае прозвішча.

За ненармаваны графік прадугледжана «матэрыяльнае стымуляванне»: тыя, хто працуе па здзельнай аплаце, атрымаюць падвойны заробак.

Што да заробкаў на Аршанскім інструментальным, то, паводле словаў нашага суразмоўцы, сярэдняя лічба дасягае амаль 550 рублёў, але ёсць рабочыя, якія атрымліваюць і тысячу.

Вахцёрка на прахадной, аднак, мае ўсяго 300 у месяц. Жанчына распавядае:

«Па тысячы атрымлівае вельмі мала хто. У асноўным, людзі зарабляюць свае 350-400 рублёў. На гэтыя грошы пражыць ну вельмі складана! Трэба ж і апрануцца, і харчавацца неяк… Мы спадзяемся, што цяпер нешта разварушыцца і наша сітуацыя хоць трошкі палепшыцца».

Уладзіслаў Бардзюкоў быў прызначаны дырэктарам год таму. Паводле слоў нашай ананімнай крыніцы, прыкладна столькі трываюць праверкі з боку чынавецтва. Пра візіт Лукашэнкі тут даведаліся за тры дні, таму некаторыя пытанні вырашаліся «аўральна». Гэтак, газон давялося класці проста паверх асфальту.

«Пастаянныя прыезды чыноўнікаў не спрыяюць працэсу вытворчасці. Наадварот, людзі пачынаюць нервавацца, гэта адцягвае іх ад працы, у выніку мы губляем дынаміку. Калі тут на кожным кроку стаіць служба бяспекі, КДБ… Ужо нават не звяртаюць увагі на прапускны рэжым на заводзе. Колькі іх тут – цяжка падлічыць, лічбы ж не называюцца. Але адразу іх пазнаем, хоць усе ў цывільным», – скардзіцца наш суразмоўца.

Корпусы Аршанскага інструментальнага заводу

На гэтым тыдні на Аршанскі інструментальны завод па загадзе Лукашэнкі мусіць прыехаць былы міністр прамысловасці Віталь Воўк. Тым часам на заводзе дагэтуль не ведаюць, у якім статусе і на якой пасадзе тут будзе знаходзіцца экс-міністр.

«Дырэктар не зняты, таму незразумела, чым будзе займацца Воўк. Не пойдзе ж ён на ніжэйшую пасаду, чым Бардзюкоў. На заводзе ўвогуле ніхто не быў зняты і адпаведных указанняў не паступала. Структура прадпрыемства – гэта наша асабістая справа, ніхто не мае права сюды ўмешвацца», – тлумачыць крыніца.

«200 долараў – яшчэ добры заробак»

Змены і новыя прызначэнні закранулі не толькі завод, але і раённы выканкам. Аршаншчыну ўзначаліў 49-гадовы Ігар Ісачэнка, былы вайсковец. Да яго старшынём райвыканкаму быў Аляксандр Пазняк, якога Лукашэнка паставіў кіраваць раёнам год таму, каб «падняць Воршу з руін і попелу». Але на апошняй нарадзе ў Воршы Лукашэнка заявіў, што той (разам з адпраўленымі ў адстаўку міністрамі) «займаўся сабатажам» і «падмочваў аўтарытэт прэзідэнта».

«На мой погляд, віны Пазняка ў правале праграмы пад’ёму «з руінаў і попелу» няма. У параўнанні са сваімі папярэднікамі ён выглядаў прэзентабельна, умеў гаварыць не па паперцы, камунікаваў з людзьмі, ветліва ішоў на дыялог», – распавядае галоўны рэдактар незалежнага парталу orsha.eu Ігар Казмерчак.

Ігар Казмерчак

Ён мяркуе, што праграма не магла быць своечасова выкананая, бо спачатку доўга пісалася, а потым паўгады зацвярджалася абласнымі ўладамі. Акрамя таго, прадугледжаныя праграмай грашовыя ўліванні ў прадпрыемствы, аказаліся надта непразрыстымі.

«У межах праграмы першапачаткова паабяцалі каля 60 мільёнаў долараў, але праз пэўны час сума зменшылася да 40 мільёнаў. Да сёння невядома, ці атрымалі заводы гэтыя грошы і колькі канкрэтна? Грамадскасці такой інфармацыі не даюць, лічбы засталіся ў кулуарах», – гаворыць Казмерчак.

На нашу просьбу сфармуляваць топ праблемаў Аршанскага раёну, Казмерчак называе наступныя:

  • неэфектыўная прамысловая вытворчасць;
  • неэфектыўнае кіраванне;
  • беспрацоўе і нізкія заробкі.

Дэпрэсіўнасць рэгіёну вызначае яшчэ і тое, што адсюль масава з’язджае моладзь. У Воршы няма свайго ўніверсітэту, а на заробкі большасць едзе ў Расею.

«Ворша – адзіны ў Беларусі горад-стотысячнік, дзе колькасць насельніцтва з кожным годам памяншаецца. Хіба, не знойдзеш пад’езду, у якім хтосьці не паехаў працаваць за мяжу. Часцей за ўсё – у Смаленск, Маскву. Там беларусаў часцяком «кідаюць» на грошы, некаторыя ўвогуле не вяртаюцца», – працягвае журналіст.

Паводле яго, 200 долараў – яшчэ добры заробак для Воршы, але атрымліваюць у рэгіёне і 150, і 100. У суседнім жа Дуброўне ў калгасе былі выпадкі, калі працавалі нават задарма.

Жыхары Воршы пацвярджаюць: заробкі ў Аршанскім раёне мізэрныя.

«Для нармальнага жыцця ў Воршы трэба мець 500 долараў, але большасць мае не больш за 200. І я, і мае знаёмыя ездзім зарабляць у Расею. Летась у Анапе на газпрамаўскай будоўлі я атрымаў 4 тысячы долараў», – распавядае мясцовы таксіст.

Пасля прыезду Лукашэнкі рабочым «Тэхнікі сувязі» дазволілі забраць мэблю з заводу

Мястэчкі Барань і Балбасава падчас візіту сюды Лукашэнка назваў «шыкоўнымі». Пасля гэтага ў Балбасава пачалі шмат чаго рэмантаваць: кладуць новую цеплатрасу, фарбуюць будынкі, аднавілі мясцовы Дом культуры. Але, як распавядае жыхарка Балбасава Ганна Свішчова, моладзь тут усё адно не затрымліваецца.

Дом культуры ў Балбасава

«У прынцыпе жыццё ў Балбасава мне падабаецца: тут ціха, па-пенсіянерску спакойна, бяспечна. Але ёсць свае праблемы. Напрыклад, у адрамантаваны будынак дзіцячага садочку не набіраюць новыя групы. На час рамонту садок месціцца ў звычайнай двухпакаёўцы, а з вераcня ў новы будынак пойдуць толькі тыя дзеткі, якія займаліся раней. Хаця ў ліпені я і заплаціла 25 рублёў, маіх у новы садок не возьмуць».

Муж Ганны Юрый працуе на «Тэхніцы сувязі» і штораніцы ездзіць у суседнюю Барань. Паводле яго словаў, цягам тыдня з заводу вывозілі старую мэблю і смецце, якім абурыўся Лукашэнка.

«Тэрыторыю экстранна прыбіраюць. Каб не выкідваць стулы, людзям дазволілі іх забраць дадому. Тэрмін быў пастаўлены – да панядзелка, то бок да сёння ўсё паспець прыбраць», – кажа Юрый Свішчоў.

Лукашэнка выказаў поўную службовую неадпаведнасць старшыні Савета бяспекі Станіславу Засю і кіраўніку Дзяржкамваенпрома Алегу Двігалёву, бо «Тэхніка сувязі» – падведамаснае прадпрыемства Мінабароны.

«Завод працуе па дзяржзамовах ад Мінабароны. Значная частка прадукцыі, наколькі мне вядома, пастаўляецца ў Расею. Гаворка вядзецца пра аналагавыя сістэмы радыёсувязі, гальваніку, антэны. Таксама выраблялі шлемы для вайскоўцаў», – тлумачыць Юрый.

На заробкі тут не скардзяцца. Хоць стандартна рабочы ў цэху атрымлівае каля 500 рублёў, часам ім даюць больш працы і, адпаведна, прэміі. Тыя ж адмыслоўцы, хто займаецца гальванічным пакрыццём (працуе з мікраскопам) наагул зарабляюць да 1200.

«Пры ўкраінцах мы мелі працу»

У Балбасава лепш за ўсё звычайна жылі працаўнікі авіярамонтнага заводу. Раней 60% акцыяў завода належалі ўкраінскай кампаніі «Мотор-Січ». У красавіку з Беларусі не выпусцілі самалёт прэзідэнта «Мотор-Січ» Вячаслава Багуслаева – ён пакінуў Беларусь рэгулярным рэйсам. Гепракуратура расследуе дзейнасць украінскага інвестара, якая прывяла да запазычанасці на суму 35 мільёнаў долараў. Адначасова ва Украіне распачалі крымінальную справу ў дачыненні да «Мотор Січ» – службовых асобаў кампаніі падазраюць у вывадзе грошай у афшоры.

Ужо ў ліпені Лукашэнка наведаў авіярамонтны завод і заявіў, што цяпер гэта дзяржаўнае прадпрыемства.

Тым часам нашыя суразмоўцы на заводзе адзначаюць:

«Падобна, што авіярамонтны проста «отжали» у былога ўласніка. Пры ўкраінцах мы мелі працу, а пасля іх сыходу ў нас адразу прызначылі працоўны дзень да 13.00. Цяпер, праўда, паступова вяртаюць поўны дзень. Сёння да 17 працавалі».

На просьбу пракаментаваць заробкі, наша крыніца (імя не называецца па яе просьбе) кажа:

«Мелі добрыя грошы пры Багуслаеве… Цяпер тут ніхто з рабочых не зарабляе 300 долараў. А ў новага дырэктара, па чутках, заробак ажно 4 тысячы».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў