Людзі на парахавой бочцы. Адмысловы рэпартаж з непрызнанага Карабаху


Роўна год таму ў Нагорным Карабаху адбылося кровапралітнае абвастрэнне на лініі сутыкнення армянскіх і азербайджанскіх войскаў. Не менш за дзве сотні загінулых з абодвух бакоў, падбітыя танкі і верталёты – такой эскалацыі ў рэгіёне не было ўсе 22 гады з часу прыпынення актыўнай фазы карабахскай вайны. Спынены, але няскончаны канфлікт пагражаў зноў перарасці ў поўнамаштабнае супрацьстаянне і сурʼёзна дэстабілізаваць сітуацыю на ўсім паўднёвым Каўказе.

Журналіст Алесь Загорскі выправіўся ў Карабах, каб высветліць, чаму атрымалася пазбегнуць вялікай вайны, якую ролю ў рэгіёне адыгрывае Расея і на якую мірную будучыню спадзяюцца людзі, што жывуць у непрызнанай краіне.

Расейска-беларускі след

На перадавой

«Уявіце сабе айчыма, які прыносіць новыя пісталецікі сваім пасынкам і дазваляе трохі пагуляць у вайнушку. І пільна сочыць, каб тыя не пазабіваліся. Вось прыблізна такая роля Расеі ў нашай вайне. Толькі што «пісталецікі» мы ў яго набываем, прычым армянскі бок бярэ на гэта расейскія ж крэдыты. Зачараванае кола!», – гэткі прыклад для лепшага разумення сутнасці канфлікту прыводзіць адзін з ерэванскіх медыя-актывістаў, якія суправаджаюць нас па дарозе ў Сцепанакерт.

Мы – гэта група замежных журналістаў і блогераў, якіх запрасілі наведаць Арцах, гэтак па-армянску называецца Карабах. Неафіцыйная мэта візіту – падтрыманне вядомага блогера Лапшына, якога беларускія ўлады перадалі Азербайджану.

Вайсковая частка перад лініяй сутыкнення

Для мяне гэта быў ужо трэці візіт у НКР, папярэдні раз я быў год таму падчас абвастрэння сітуацыі на фронце. У той раз мне давялося нават патрапіць у мясцовае КДБ, дзе пасля вобшуку і прафілактычнай размовы карабахскія чэкісты захапляліся беларускім парадкам і «добрым Бацькам». Цяпер, пасля гісторыі з Лапшыным, ацэнкі беларускага кіраўніцтва жыхарамі Арцаху змяніліся на супрацьлеглыя. Прыпомнілі Беларусі і продаж зброі Азербайджану. Упершыню за ўсе гады падарожжаў мне прыйшлося выбачацца за нашых палітыкаў і апраўдвацца, маўляў палітыкі (а дакладней той самы палітык) – гэта яшчэ не ўсе беларусы.

Вытокі канфлікту

Плот з аўтамібільных нумароў савецкага Азербайджана

Армяна-азербайджанскі канфлікт мае даўнія карані. Фактычна падмуркам будучай кровапралітнай вайны стала рашэнне савецкіх уладаў аб перадачы рэгіёна з пераважна армянскім насельніцтвам у склад Азербайджанскай ССР у 20-я гады мінулага стагоддзя. Збройны супраціў армянаў тады быў задушаны азербайджанскім войскам і Чырвонай Арміяй.

Нягледзячы на больш-менш мірнае суіснаванне двух народаў у савецкія часы, рост нацыянальных рухаў у Арменіі і Азербайджане, які пачаўся падчас перабудовы, прывёў да адкрытага канфлікту. Яго пачаткам прынята лічыць армянскія пагромы ў Сумгаіце, пасля якіх Нагорна-Карабахская аўтаномная вобласць абвесціла пра выхад са складу АзССР і далучэнні да Армянскай ССР. Калі Азербайджан паспрабаваў сілай вярнуць непакорны рэгіён разгарэлася кровапралітная вайна, якая ўнесла дзясяткі тысячаў жыццяў. Пасля двух гадоў цяжкіх баёў пры пасярэдніцтве Расеі было падпісана пагадненне аб спыненні агню і канфлікт быў замарожаны. Дэ-факта гэта прывяло да стварэння незалежнай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР). Незалежнасць гэтую не прызнала ніводная краіна свету, нават Арменія. Праўда з агаворкаю, што ў выпадку развязвання Азербайджанам вайны ў Карабаху, армянскім бокам не толькі будзе прызнаная незалежнасць НКР, але і будзе заключана з ёй дамова аб вайсковым супрацоўніцтве.

Эканамічны рост ва ўмовах вайны

Карабахская паліцыя

Цягам апошніх васьмі гадоў эканоміка Нагорна-Карабахскай рэспублікі паказвае стабільны рост ВУП у памеры 9-11%. На грошы армянскіх бізнесоўцаў з дыяспары былі збудаваныя Дрмбонскі і Кашэнскі камбінаты, на якіх здабываюць золата, медзь і малібдэн, а таксама шэраг іншых прадпрыемстваў. Нягледзячы на гэта, абсалютная большасць працаздольнага насельніцтва занятая ў бюджэтнай, вайсковай, будаўнічай і сельскагаспадарчай сферах, бо іншай працы папросту няма. Штогод Арменія выдзяляе Карабаху міждзяржаўны крэдыт, з якога ўласна і складаецца большасць бюджэту непрызнанай краіны. Напрыклад у 2016г гэта было каля 55% бюджэту НКР.

«Усе выдатна разумеюць, што гэтыя крэдыты ніхто ніколі аддаваць не будзе. Фактычна мы ўтрымліваем Карабах на нашыя грошы. У некаторай ступені гэта як расейскія крэдыты для Беларусі, праўда, у адрозненні ад Расеі, у нас ніколі нікому не прыйдзе ў галаву думка перастаць іх выдаваць», – жартуюць мае новыя ерэванскія знаёмыя.

Апроч гэтага актыўную фінансавую дапамогу аказвае армянская дыяспара. Так, у 2016г на рахунак ураду НКР ад прыватных асобаў і кампаніяў паступіла больш 11 млн $ на ліквідацыю наступстваў азербайджанскай агрэсіі.

Падчас вайны Шушы быў амаль цалкам зруйнаваны

Кожны жыхар Карабаху абавязкова пахваліцца перад вамі адсутнасцю карупцыі і бюракратычных перашкодаў у сваёй маленькай краіне.

Сакрэт просты: мабільны нумар прэмʼер-міністра вядомы ўсім карабахцам, так як і ягоная ахвота дапамагаць сваім грамадзянам. Кажуць, што яму можна набраць калі ўзнікаюць нейкія праблемы з чыноўнікамі.

Дзякуючы такой адкрытасці і шэрагу паспяховых эканамічных рэформаў прэмʼер займае сваю пасаду ўжо амаль 10 год.

З надзеяй на мірную будучыню

Цэнтр ТУМО ў Сцепанкерце

Першае месца, якое нам паказваюць у Сцепанакерце – філіял унікальнага цэнтру крэатыўных тэхналогіяў ТУМО. Створаны на грошы амерыканскага армяніна Сэма Сіманяна, цэнтр дзейнічае ў Ерэване, Гюмры, Дыліжане і Сцепанакерце. Тут дзяцей з 12 да 18 год бясплатна вучаць асновам праграмавання, кампʼютарнай анімацыі, 3D мадэляванню, робататэхніцы, стварэнню гульняў, фільмаў і лічбавых медыяў, а таксама шмат чаму іншаму. Праграма навучання, пабудаваная на самаадукацыі і майстар-класах, займае два гады. Падлеткаў арыентуюць на вынік, а не на балы, таму адзнакаў тут не ставяць. У мінулым годзе гэты цэнтр заняў першае месца ў рэйтынгу самых інавацыйных школаў свету.

У ТУМО выкладаюць у асноўным прызнаныя спецыялісты з армянскай дыяспары з-за мяжы, якіх адмыслова запрашаюць на некаторы час на гістарычную радзіму, аплочваючы ім толькі пералёт і пражыванне. Напрыклад экскурсію па сцепанакертскім філіяле нам зладзіў яго кіраўнік, армянін з Парыжу. Лекцыю па асновах Creative Writing, на якую нас запрасілі, вёў намеснік рэдактара расейскай версіі часопісу «Esquire». Лекцыя была пабудаваная ў фармаце бліц-апытанкі: мы маглі спытаць у выхаванцаў усё што нас цікавіць, а карабахскія падлеткі проста засыпалі пытаннямі пра ўсё на свеце. Дазнаўшыся што я з Беларусі, мяне спыталі ці не баюся я цяпер, пасля наведвання Арцаху, вяртацца дадому.

Карабах з вышыні

– Скажыце, а што робіць вас шчаслівымі тут, у непрызнанай краіне з далёка не самай спакойнай абстаноўкай? Як вы абстрагуецеся ад тых трывожных навінаў з фронту, якія паступаюць ледзь не штодня?, – задаў пытанне нехта з нашай групы.

Шчасце – гэта проста жыць на нашай зямлі, дзе ляжаць нашыя продкі, за якую ваявалі нашыя бацькі і дзяды. Шчасце – гэта калі там, на фронце, нікога сёння не забілі і не паранілі. Таму што там ёсць нехта з кожнай сямʼі, і кожная ахвяра – гэта можа быць твой брат, ці брат тваёй сяброўкі, аднакласніка ці суседа. У нас няма ніводнай сямʼі якая б не страціла кагосьці на гэтай вайне. Больш за ўсё мы марым пра мір, мы хочам сябраваць з такімі ж падлеткамі з Азербайджану. Праўда, нажаль іх грамадства цалкам прасякнутае нянавісцю да нас.

Нянавісць як частка ўнутранай палітыкі Азербайджана

Перад выхадам на заставу

Як ужо згадвалася вышэй, армянскі пагром у Сумгаіце стаў фактычным каталізатарам карабахскай вайны. Апроч таго, гэта быў першы ў СССР выбух масавага гвалту на этнічнай глебе.

Пасля дэ-факта прайгранай вайны ў Нагорным Карабаху, улады Азербайджана ўзялі курс на правядзенне планамернай палітыкі армянафобіі. Гэта як «калі ў кране няма вады…»., толькі віну за гэты факт замест габрэяў перакласці на армянаў. Цяпер, каб сапсаваць камусьці карʼеру дастаткова абвінаваціць яго ў армянскіх каранях ці сувязях з Арменіяй. Афіцыйныя азербайджанскія ўлады часта гэтым карыстаюцца ў дачыненні да сваіх палітычных апанентаў.

Даходзіць да сапраўды абсурдных сітуацыяў:

– Маеш якіх-небудзь ворагаў у Баку? Можна няблага атруціць ім жыццё. Дастаткова набраць туды з армянскага нумару і сказаць нешта кшталту: «Дзякуй за выкананую працу! Грашовы перавод ужо адправілі». Эфект 100%!, – жартуюць ерэванскія медыя-актывісты.

Дарэчы большасць з іх свабодна валодае азербайджанскай мовай, каб па магчымасці супрацьстаяць бязглуздай прапагандзе. Значная частка армянскіх інфармацыйных сайтаў мае азербайджанскую ці турэцкую версіі (дзве гэтыя мовы вельмі падобныя).

Самым вядомым прыкладам дзікунскай армянафобіі стаў Раміль Сафараў, афіцэр збройных сілаў Азербайджана. Падчас навучання ў 2004г на праграме НАТА ў Будапешце ён забіў спячага армянскага афіцэра, нанёсшы яму 16 (!) удараў сякерай па галаве. Прыгавораны вугорскім судом да пажыццёвага зняволення, пасля шасці гадоў турмы быў перададзены азербайджанскаму боку.

У Баку Сафарава сустрэлі як героя і падарылі яму кватэру за здзейснены «геройскі ўчынак».

Вельмі сумна ўсведамляць у якое мора нянавісці міжволі патрапіла нашая Беларусь праз неабдуманы крок Лукашэнкі.

На лініі агню

“Я абаронца сваёй Айчыны, маёй сьвятой зямлі, веры”

У апошні дзень візіту мы наведалі лінію фронту. Хаця дэ-юрэ Карабах не прызнаны Арменіяй, апроч прызыўнікоў з Арцаху тут служаць і армянскія. У вайсковай частцы ў дзесяці кіламетрах ад лініі супрацьстаяння на нас апранулі ў бронекамізэлькі, перасадзілі ў вайсковыя УАЗы і павезлі на самы «перадок». Па дарозе туды разгаварыліся з афіцэрамі.

– Нам няма куды адступаць, тут нашая зямля. Мы ведаем, што здацца ў палон азначае верную смерць, таму лепш загінуць на перадавой. Мы адчайна хочам міру, але з такім суседам трэба пастаянна быць гатовым да вайны. Вось у гэтым сяле Талыш, год таму былі па-варварску забітыя трое пажылых людзей азербайджанскімі дыверсантамі. Пасля гэтага сяло апусцела. Цяпер яго адбудоўваюць, спадзяемся да зімы сюды ізноў вернецца жыццё.

Па словах вайсковых, яны б і хацелі змяніць прафесію, але іншай працы тут няма. І таму яны гатовыя штодня рызыкаваць жыццём за даволі добры, як на мясцовыя варункі заробак у 300-350$ (для параўнання, сярэдні заробак у Карабаху 150-200$).

Акопы на перадавой

З армянскіх пазіцыяў на стратэгічнай вышыні добра праглядаецца азербайджанскае сяло, што ляжыць у даліне. За ім стаіць вайсковая частка праціўніка, адкуль амаль штодня пастрэльваюць снайперы. 28 сакавіка на суседнім участку лініі супрацьстаяння быў забіты чарговы армянскі жаўнер.

У акопах да мяне падышлі армянскія вайсковыя, пацікавіліся ці праўда я з Беларусі. Маўляў у нашага камандзіра ёсць да цябе справа. Генерал прадставіўся Валерам і папрасіў перадаць падарунак для «брацішкі з Менску»: арцахскую тутаўку (самагонку з шаўкоўніцы) і цыгарэты Арарат.

Ужо ў Менску, падчас сустрэчы з Валодзем (імя змененае), мне ўдалося трохі даведацца пра ягоны лёс. На золку Савецкай імперыі гэты мянчук патрапіў у спецназ унутраных войскаў СССР, які напачатку абвастрэння быў накіраваны ў Карабах. Па словах Валодзі, яны раздзялялі армянскія мітынгі і азербайджанскую міліцыю, каб не дапусціць кровапраліцця. У выніку ім даставалася з абодвух бакоў. Калі ж Савецкі Саюз разваліўся і пачалася вайна, яму прапанавалі перайсці ў наваствораную карабахскую армію, у шэрагах ён прайшоў усю вайну, даслужыўшыся да лейтэнанта.

З непадробным бляскам у вачах ён распавёў як яны «мачылі азераў», і як бы цяпер ахвотна падаўся на Данбас «мачыць укропаў», ды гады ўжо не тыя і сямʼя, дзеці і ўнукі.

Па ягоных словах, у мірным жыцці ў яго не асабліва склалася, бо працуе звычайным рабочым на заводзе і як ніхто іншы адчувае ўвесь «беларускі эканамічны цуд». Таму часам нават шкадуе што пасля вайны вярнуўся дадому, а не застаўся ў Карабаху. Такіх як ён у Беларусі некалькі дзясяткаў, і некаторых з былых паплечнікаў ён пазнаў на фотаздымках з леташняй вайны.

Загляне сонца?

Сімвал Карабаху – скульптура _Мы і нашыя горы_

Будучыня Карабаху застаецца нявызначанай. Прызнання на міжнароднай арэне чакаць наўрадці выпадае. Шырокамаштабная вайна, на маю думку, таксама малаверагодная, абодва бакі выдатна разумеюць яе наступствы. Так як і малаверагоднае поўнае спыненне дробных сутычак на лініі супрацьстаяння, а значыцца будуць зʼяўляцца чарговыя ахвяры па кожным баку барыкадаў. Для пераадолення надзвычай высокага ўзроўню ўзаемнай нянавісці суседнім народам спатрэбіцца некалькі пакаленняў. Ці здолее Арцах у такіх умовах пабудаваць сучасную развітую дзяржаву, якая стане прыкладам для суседзяў?

Глядзіце усе фота з Карабаху ў галерэі:

Карабах з вышыні
Плот з аўтамібільных нумароў савецкага Азербайджана
Падчас вайны Шушы быў амаль цалкам зруйнаваны
Сімвал Карабаху – скульптура _Мы і нашыя горы_
Цэнтр ТУМО ў Сцепанкерце
Перад выхадам на заставу
Вайсковая частка перад лініяй сутыкнення
Карабахская паліцыя
“Я абаронца сваёй Айчыны, маёй сьвятой зямлі, веры”
На перадавой
лінія сутыкнення
Акопы на перадавой

Алесь Загорскі, belsat.eu

Стужка навінаў