Людзі крычалі і не разумелі, за што іх забіваюць. Сведка расстрэлаў у Курапатах узгадвае жудаснае відовішча


Сёлета споўнілася 30 год з моманту адкрыцця Курапатаў для Беларусі і ўсяго свету. Гэта лясны масіў за менскім Зялёным Лугам, проста на цяперашняй кальцавой дарозе. Там у 1937-41 гадах савецкія каты расстралялі дзясяткі тысяч невінаватых людзей, палюючы на «ворагаў народа».

Гукі і крыкі чулі многія, самі расстрэлы на свае вочы бачылі адзінкі, бо сталінскія забойцы абнеслі месцы масавых злачынстваў высокім плотам. Адно з самых вусцішных – сведчанне жыхаркі вёскі Цна-Ёдкава Вольгі Цімафееўны Бароўскай. У 1938 годзе яна была 11-гадовай дзяўчынкай. Знаёмы хлопец прапанаваў ёй з сяброўкамі пайсці ў месца, дзе вельмі шмат ягад. Пад Курапацкім плотам быў своеасаблівы лаз, куды дзеці і пралезлі. Раптам з іншага боку адчынілася брама і пачалі заязджаць машыны. Хлопчык закрычаў: «Шухер! Дзяўчаты, уцякаем!» Маленькая Воля ўцячы не паспела.

«Я зашылася, прытулілася да елкі галавой і толькі зямлю скубла са страху», – распавядае Вольга Цімафееўна. – «Я б яшчэ так не спужалася, каб гэтыя людзі не прасіліся. Я яшчэ не разумела, што іх страляць будуць, я ж не разумела», – узгадвае выпадковая сведка расстрэлаў.

11-гадовай дзяўчынкай яна пабачыла тое, што запомніла на ўсё жыццё – людзі ў форме паставілі на калені да ямы іншых людзей. Каты сталі ззаду, людзі крычалі «За што? За што нас, людзі добрыя? Дзетачкі, бывайце!»

«І тут пух-пух-пух, як гарох на патэльні… Падаюць, падаюць, падаюць…», – апісвае расстрэл Вольга Цімафееўна.

Яна прызнаецца, што маўчала аж да той пары, як археолагі не знайшлі парэшткі забітых у Курапатах.

Колькасць ахвяраў, расстраляных і пахаваных у Курапатах, ацэньваецца па-рознаму. Першаснае следства 1988 года прыйшло да высновы, што ў Курапатах расстралялі не менш за 30.000 чалавек. Зянон Пазняк ацэньваў тады гэтую колькасць у 102 тысячы, пазнейшы аналіз колькасці магілаў і сярэдняй колькасці ахвяр у магіле дазволіў казаць пра 220-250 тысяч забітых. У кожным разе, нават калі спыніцца на самай маленькай названай лічбе ў 30.000 – гэта цэлы горад, як Наваградак ці Асіповічы. Калі браць самую вялікую лічбу – то ў Курапатах ляжыць цэлы Бабруйск. Толькі ў Менску такіх месцаў масавых расстрэлаў НКВД было мінімум 8. Колькі іх па ўсёй Беларусі – пакуль што не скажа ніхто, бо архівы злачынстваў закрытыя.

Каб абмеркаваць праблему Курапатаў у студыі ток-шоу «Кожны з нас» сабраліся археолагі, палітыкі, творцы і сваякі нявінна расстраляных.

Глядзі таксама
Каментары