Людзі-агароды: чаму палешукі не пойдуць на Плошчу з віламі?


Сям'я палешукоў. 1934 год. Фота Луізы Арнер Бойд

«Ён не можа змяніць свет, не можа паўплываць на падзеі ў сваёй краіне. Усё, што ён можа – паставіць новы хлеў у сваім двары». Андрусь Горват – пра палескага «маленькага чалавека».

Вы нават не ўяўляеце, якая прорва паміж Менскам і Прудком! Калі я ездзіў у Беласток і Вільню, я не адчуваў такой розніцы, як адчуваю яе ўнутры Беларусі. Яна бачна ва ўсім: у аскепках пачутых размоў, у позірках і рухах. Я пятнаццаць год пражыў у Менску і разумею яго. Ужо год спрабую зразумець палешукоў – чаму яны іншыя. Цяпер я ўбачыў відавочнае: у палескіх вёсках людзей няма, палешукі – гэта зямельныя надзелы. Сучасны чалавек абавязаны мець індывідуальнасць. Паляшук яе не мае. У каго той халеры трохі было, той даўно з’ехаў. Засталіся тыя вяскоўцы, якія прэзентуюць сабой свае агароды. От і ўся філасофія.

Не трэба падкрэсліваць сваю фігуру – трэба падкрэсліваць, што ты клумба

Гэта бачна ва ўсім. Узяць хаця б вопратку.

От хлопец па Менску ідзе. У яго даўгая барада і тонкія ногі ў вузкіх портках. Знізу блішчаць голыя белыя лыткі. Нармальна? Нармальна. А ў Прудку да мяне людзі хадзілі на споведзь, бо праз маю бараду думалі, што я святар. Я доўга не мог зразумець пытання: «А табе ўвогуле піць можна?» Потым дацяміў і пачаў галіцца. Бо тут мой мэсідж: «Я модны еўрапейскі хлопец, трохі філосаф, трохі пацыфіст, я таямнічы, але бяскрыўдны для людзей» – ніхто ў маёй барадзе не прачытаў. Няма разумення – няма барады.

А быць худым у вёсцы – гэта быць хворым. Калі ты агарод, то мусіш выглядаць дужым. «Ты мо хварэеш?» – цікавіліся дзядзі і цёці з шырокімі плячыма. І от год прайшоў, а я палюбіў беспамерныя бушлаты, шырокія тоўстыя нагавіцы. Я палюбіў апранацца так, каб хаця б здалёк быць падобным да чалавека, які падыме начоўку з каравякам.

На менскім пешаходным пераходзе чакаў зялёнага сігналу святлафора. А спераду – цётачка гадоў шасцідзесяці: з начосам, у джынсах і бліскучых кедах. У вёсцы баба ў шэсцьдзесят – то баба. Глядзіш на яе і не разумееш, дзе баба пачынаецца, а дзе зямля, на якой яна стаіць. У нас тут самы модны колер вопраткі – «сухі чарназём летнім днём».

От калі свята, то іншая справа. На свята палеская баба надзене чорныя порткі са стрэлкамі, а зверху – блузку з буйным малюнкам ружаў. У вёсцы не трэба падкрэсліваць сваю фігуру – у вёсцы трэба падкрэсліваць, што ты клумба. Тут няма культу цела – ёсць культ пейзажных замалёвак. Па вопратцы можна сказаць пра колер і якасць зямлі на ўчастку і якая клумба расце пад вокнамі.

Таму мяне ўразіла цётка ў джынсах і бліскучых кедах. Я ўбачыў, якая ў яе попа, але не ўбачыў – які агарод. Я не змог яе прачытаць. Я не змог яе зразумець. Тысяччу галасоў сваіх землякоў я думаю: «Абы што. От людзі здурнелі».

Я быў перакананы, што вясковыя мужчыны заўжды апранаюць адное і тое ж – і ў святы і ў будні. Цяпер я бачу розніцу. Ведаеце, чым адрозніваецца святочны касцюм ад працоўнага? Ён чысты! От і ўсё. Мужык не дазволіць сабе расказваць пра ружовы куст за хлявом. Ён нясе ў грамадства іншы мэсідж: «Я заўсёды працую-гарую. От баба ў мяне – куст, бач якая гарная, той блузкай з ружамі можна дзвюх кароў ухутаць, а я так, я проста побач са сваёй бабай». Адзіныя праменьчыкі мужыцкай індывідуальнасці прабіваюцца з бушлата з эмблемай якойсьці канторы ці з вайсковых камуфляжных портак: «От я тут працаваў, от я тут быў у войску, а болей нічога пра сябе не раскажу».

Воля палешука заканчваецца за плотам яго селішча

Раней мне здавалася, што тая індывідуальнасць проста глыбока схаваная. Я глядзеў-глядзеў, шукаў-шукаў. Не, няма.

От гляньце на менчукоў – толькі геніі, усе ўплывовыя і ўсёмагутныя ва ўспрыманні сябе. Сяляне, наадварот, упэўнены, што маленькія нязначныя людзі. Нябачныя і нячутныя. Яны не могуць змяніць свет, не могуць паўплываць на падзеі ў сваёй краіне. Усё, што яны могуць – паставіць новы хлеў у сваім двары. Воля палешука заканчваецца за плотам яго селішча. Чалавек ён толькі ў сваім двары, а ў Заплоцці чалавекам перастае быць. Там можна красці і цягнуць скрадзенае ў сваё кубла. Там можна выкідаць смецце. Там няможна выказваць сваю волю. Заплоцце – як замежжа.

Таму вы ніколі не пабачыце на сталічных акцыях пратэсту прудкаўцоў з віламі. Справа не ў тым, што яны не хочуць зменаў. Яны іх вельмі хочуць. Але не ведаюць, што могуць на штосьці ўплываць. І вы не знойдзеце словаў, каб расказаць ім пра тое, што Сусвет не мае межаў, што плот – гэта не мяжа. А прудкавец ніколі не зразумее пратэстоўца. Чагосьці патрабаваць за плотам – на гэта няма права. От і ўсё.

За плотам людзі-агароды будуць галасаваць за таго, за каго ім скажуць. Яны сплацяць усе падаткі. За плотам людзі-агароды – паслухмяныя кацяняты.

Як пераўтварыць паслухмянае кацяня ў драпежнага звера

Але не лічыце іх тупым бязвольным статкам. На сваіх дваццаці пяці сотках яны дбайныя гаспадары – маюць і волю, і смеласць. От суньцеся туды, учыніце там паскудства – і атрымаеце кулю ў спіну. Але гэта будзе вельмі павольная куля. Вясковец метадычна, незаўважна, ціха-ціха будзе вас знішчаць. Ён расцягне гэты працэс на пяцьдзясят год. Ён паставіць сваёй мэтай асабіста расказаць кожнаму жыхару Зямлі пра ваш паскудны ўчынак. Ён напіша заявы на імя ўсіх начальнікаў – ад старшыні сельсавету да Бога. Я ўжо год з’яўляюся саўдзельнікам такога хаджу – дапамагаю аднаму чалавеку, які страціў сваё селішча трыццаць год таму, складаць лісты. У яго няма спадзеву дабіцца праўды. Але ён не супакоіцца ніколі.

Трыццаць год таму чужы бот стаў на адзіны кавалак зямлі, дзе мой знаёмец меў сваю волю, і ў суровай паляшуцкай душы запусціўся незваротны механізм не забыцца на гэта і адпомсціць.

У палескіх вёсках людзей няма, а ёсць зямельныя надзелы. Палешукі – гэта зямельныя надзелы. Але калі звузіць свет да памераў таго надзелу, вы ўбачыце на ім чалавека – глыбокага і смелага. А выйшаў чалавек за плот, сустрэў ля крамы іншага чалавека – і от скрывілася прастора і ўжо не людзі, а два агароды кідаюць адзін у аднаго насенне кабачкоў.

Андрусь Горват

Глядзі таксама
Каментары