Людзей утоптвалі ў жвір: як Курапаты баранілі ў 2001–2002-х


[/vc_column_text][vc_column_text]Ва ўрочышчы Курапаты цягам 250 дзён – з 24 верасня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году – адбывалася кругласутачная народная вахта ў абарону пахаванняў ахвяраў бальшавіцкага тэрору ад разбурэння пры будаўніцтве кальцавой дарогі.

«Мяне выклікаў сюды Зміцер Каспяровіч, які непадалёк жыве, і сказаў, што ў Курапатах бураць крыжы, – узгадвае ўдзельнік тых падзеяў, лідар беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец. – Мы сабраліся і, здаецца, утрох, са Змітром Каспяровічам, з Паўлам Космачам прыехалі сюды і ўбачылі, што бульдозер ужо пабурыў колькі крыжоў вось тут. І ён ішоў на чарговы заход. Тады мы ўсталі проста перад нажом гэтага бульдозера. Ён пад’ехаў упрытык, паставіў коўш, вылаяўся, даў задні ход і пайшоў камусьці тэлефанаваць. З гэтага моманту мы правялі рысу: вось тут будзе мяжа, а далей мы іх не пусцім».

Тады абаронцы мемарыялу разбілі некалькі намётаў, каб не пакідаць месца нават уначы. Жыхары мікрараёну «Зялёны Луг», што побач, прыносілі ежу, вопратку і свечкі.

Кульмінацыя шматмесячнага супрацьстаяння абаронцаў Курапатаў з будаўнікамі, якім было загадана пашырыць менскую кальцавую дарогу, наступіла 8 лістапада 2001 году. Удзень бульдозеры зруйнавалі крыжы, а ўвечары спецназаўцы напалі на лагер абаронцаў, збіваючы людзей кулакамі, нагамі, дубінкамі, утоптваючы іх у раскіслы восеньскі жвір, кідаючы іх, як дровы, у машыны і вывозячы ў пастарункі. Лес поўніўся крыкамі, стогнамі…

Чым скончылася супрацьстаянне народу і ўладаў 15 год таму, глядзіце ў чарговым выданні з цыклу «Сведкі» Вячаслава Ракіцкага (відэа вышэй).

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў