Любоў Кавалёва: «Нехта можа апынуцца на месцы майго сына»


«Белсат» наведаў маці Уладзіслава Кавалёва, прызнанага вінаватым па справе аб выбуху ў менскім метро.

Вуліца, на якой жыве Любоў Кавалёва і дзе вырас Улад, знаходзіцца на ўскрайку гораду. Гэты раён лічыцца рабочым: тут знаходзяцца дрэваапрацоўчы і домабудаўнічы камбінаты, завод радыёдэталяў «Маналіт», «Віцебскія дываны», камбінат шаўковых тканін.

Дамы Кавалёвых і Канавалавых па суседстве. Як вядома з матэрыялаў крымінальнай справы, Дзмітрый і Уладзіслаў хадзілі адну школу, нейкі час – у адзін клас. Калі Дзмітрый пайшоў у войска, а Уладзіслаў пераехаў у сталіцу, хлопцы, паводле словаў Любові Кавалёвай, не камунікавалі.

«Я ўсё дакараю сябе за тое, што аддала Уладу свой стары мабільнік. Ён 1 красавіка прыехаў з Менску: «Мама, можна я вазьму твой тэлефон? У Менску ва ўсіх «Вэлком» і я падключыўся, а так устаўлю сваю старую сімку. Калі б я тады не дала, то Дзіма яго проста не знайшоў бы», – кажа Любоў Кавалёва.

Глядзіце таксама: Як змянілася жыццё пацярпелых пасля выбуху ў метро?

Прайшло 5 гадоў, але з бацькамі Дзмітрыя ў яе, як і пад час следства і суду, няма ніякіх стасункаў. Сям’я Канавалавых усцяж адмаўлялася і ад кантактаў з прэсай.

«Я спадзяюся на тое, што пройдзе час, і мама загаворыць, – мяркуе Любоў. – Трэба разумець, што ў іх тады арыштавалі ўсю сям’ю. Да ліпеня бацька і старэйшы брат былі ў СІЗА КДБ. Да мамы былі прыстаўленыя канваіры. Яна сабаку выгульваць – яны з ёй, у краму – яны з ёй».

Жанчына мяркуе, што іх сям’я трапіла пад назіранне міліцыі і спецслужбаў пасля выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе. Генадзь Канавалаў працаваў гадзіннікавым майстрам, а іх тады правяралі.

«Калі ішоў суд, напэўна, мы таксама былі пад кантролем. Але калі б я звяртала на гэту ўвагу, то і паловы не зрабіла б ад таго, што зрабіла», – адказвае Любоў Кавалёва.

У пакоі на кніжных паліцах, дзе стаяць кнігі яе сына, цяпер шмат літаратуры на праваабарончую тэму, брашур супраць смяротнага пакарання. Да 11 красавіка 2011 году яна сама не ведала, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць вышэйшая мера.

«На жаль, я не адзіная, якая жыла ў няведанні, пакуль мяне саму гэта не закранула, – прызнаецца Любоў Кавалёва. – Я думаю, пасля нашай справы людзі сталі менш давяраць следству і судам. Пра гэта гавораць і сацыялагічныя апытанні. Паведамленні ў СМІ пра людзей, якіх прыгаворваюць на вышэйшую меру, я толькі праглядаю. Учытвацца цяжка. Пасля гісторыі з маім сынам, мне падаецца, што людзей проста агаворваюць».



Побач з партрэтамі Ўлада на сцяне ў рамках вісяць сертыфікаты ад Міжнароднага зорнага каталогу. Іх Любоў Кавалёва атрымала па пошце. Паводле пасведчанняў, адной з зорак у сузор’і Арыён прысвоена імя ў гонар Уладзіслава Кавалёва.

Чорную стужку з ініцыяламі «В.К». маці Улада перадалі актывісты, якія развешвалі іх на вуліцах Менску, калі стала вядома, што прысуд выкананы. Большасць людзей, якія тады прыходзілі да яе з кветкамі, спадарыня Любоў не ведае асабіста. У гэтым кутку штогод збіраюцца сябры Улада ў дзень яго нараджэння 17 студзеня.

Паводле 175 артыкула Крымінальнага кодэксу, «смяротнае пакаранне выконваецца непублічна шляхам расстрэлу. Цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца».

«Ну вось, і я думаю, у чым іх інтарэс не выдаваць целы? – разважае Любоў Кавалёва. – Адзінае, што да нашага выпадку, можна было зрабіць экспертызы і тады стала б ясна, што іх катавалі. Дзіме ў судзе дрэнна было. Улад быў са слядамі пабояў. А так вельмі цяжка зразумець іх логіку».



Чыноўнікі ўсіх узроўняў з маці пакаранага за выбух размаўляюць «вельмі суха». Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка ў размове з ёй увогуле паклаў слухаўку. Гэты парламентарый сёлета ўдзельнічаў у паседжанні камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ ў Страсбургу. На павестцы было ў тым ліку і пытанне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі. Тут жа ў студзені 2012 году выступала ў Любоў Кавалёва.

«Тады я яшчэ не была ў адчаі, але ўжо стала ясна, што трэба нешта рабіць, – кажа жанчына пра невядомы раней досвед. – Я ведала, што я мушу ехаць. Калі чалавека паставяць у такія рамкі…»

Жанчына кажа, што адчувае вялікую ўдзячнасць да людзей, якія ў самы цяжкі час былі побач. А таксама і да тых, хто верыў следству: гэта быў урок.

«Я стала больш цвёрдай. Па-першае, нельга быць такім даверлівым да ўлады. Па-другое, што пры такой судовай сістэме нельга мець найвышэйшую меру. Няма доказаў таго, што чалавек зрабіў такое злачынства. У нашым выпадку, калі не было доказаў, акрамя паказанняў у ходзе папярэдняга следства, дадзеных пад ціскам. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. Нехта можа апынуцца на месцы майго сына», – падсумоўвае Любоў Кавалёва.

У канцы размовы Любоў ізноў узгадвае, што з Уладам нічога гэтага не было б, каб яна не аддала яму стары мабільнік. «Улад не збіраўся нікуды. Ён мне званіў, пытаўся, як гатаваць паляндвіцу. Ён рабіў свой любімы салат з крабавымі палачкамі. Гэта ўсё так і засталося на стале нязробленым. Ён не чакаў прыезду Дзімы. Той пазваніў і Улад паехаў яго сустракаць. А Дзіма прыехаў на спатканне да Яны Пачыцкай, з якой пазнаёміўся ў інтэрнэце і якая яму падабалася…»

З Нагляднай скаргі адваката Станіслава Абразея

Абарона Уладзіслава Кавалёва накіравала ў Вярхоўны суд скаргу, дзе на 53 старонках даводзіць аднабаковасць следства, парушэнні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства і просіць прыпыніць выкананне прысуду.

Шмат з аргументаў адваката па сённяшні дзень засталося без адказу:

– У хадзе разбіральніцтва абаронай заявіла шэраг хадайніцтваў, у якіх было адмоўлена: аб выкліку ў суд экспертаў ФСБ РФ, якія праводзілі экспертызы; аб патрабаванні інфармацыі ў расейскага аператара «Мегафон» па сім-карце, што знайшлі ў кватэры, дзе затрымалі абвінавачаных; аб усталяванні асобаў, якія праводзілі рамонт на станцыі «Кастрычніцкай» увечары 19 красавіка 2011 году, выкліку іх у суд у якасці сведак.

– Доказы ўнутрыкадравага мантажу відэазапісу са станцый «Купалаўская, «Кастрычніцкая» «Фрунзенская», на падставе якога судом рабіліся высновы пра віну Канавалава і Кавалёва. Адвакат заяўляў пра выманне ўсіх васьмі вінчэстараў, на якія рабіўся запіс у метрапалітэне. Аднак гэтага зроблена не было.

– Калі б Канавалаў у момант выбуху знаходзіўся ў пачатку перахода з «Кастрычніцкай» на «Купалаўскую», як гэта ўказваецца ў прысудзе, то ягоная вопратка, якая была разгледжана пад час паседжання, мела б сляды забруджвання, пылу. Аднак адзенне Канавалава не мела слядоў забруджвання.

– У высновых экспертызы ўказана, што на прадметах абутку і адзення, фрагментаў валасоў, вонкавых кромак пазногцевых пласцін, у складзе змываў з твару і насавых хадоў Канавалава выбуховых рэчываў арганічнага паходжання не выяўлена.

– Канавалаў так і не здолеў патлумачыць, што ён мае на ўвазе пад матывам «дэстабілізацыя абстаноўкі ў РБ«.

– Кавалёў пад час допыту ў ГУБАЗ чуў крыкі Канавалава. У матэрыялах справы ёсць судова-медычная экспертыза, якая зафіксавала кровападцёкі на целе ў Канавалава.

Хроніка: тэракт і пасля яго

Выбух на сталічнай станцыі метро «Кастрычніцкая» адбыўся 11 красавіка 2011 году а 17.56. У выніку загінула 15 асобаў, больш за 300 атрымала траўмы рознай ступені цяжкасці.

13 красавіка Аляксандр Лукашэнка праз дзяржаўныя тэлеканалы аб’явіў «Тэракт раскрыты, абвінавачваныя далі паказанні».

15 верасня над 25-гадовымі Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым пачаўся суд. Матэрыялы крымінальнай справы склалі 550 тамоў.

30 лістапада 2011 г. абодвум быў вынесены прысуд – вышэйшая мера пакарання. Акрамя тэракту ў 2011 годзе суд прызнаў Каванавалава і Кавалёва вінаватымі ў выбухах ў Менску ў 2008 годзе і Віцебску ў 2005.

11 сакавіка 2012 году адбылося апошняе 3-гадзіннае спатканне Уладзіслава Кавалёва з маці і сястрой.

12 сакавіка прэзідэнт адмовіў Кавалёву ў памілаванні.

17 сакавіка маці Уладзіслава атрымала ўведамленне аб прывядзенні прысуду ў выкананне.

Х.М., belsat.eu


 

Глядзіце таксама: «Страх у краіне спакою» (Дак.фільм «Белсат», 2012)

Стужка навінаў