Любамір Покавіч пакідае Менскае «Дынама»


Трэнер сыходзіць на тле фінансавых скандалаў і няроўнай гульні каманды.

Менскае «Дынама» паведамляе, што сёння дасягнутая дамоўленасць аб скасаванні кантракта з галоўным трэнерам клуба.

Любамір Покавіч узначаліў каманду ў снежні 2013 года, і добра сябе зарэкамендаваў. Асаблівай рысай трэнера было тое, што падчас гульняў ён стаяў перад гульцамі, а не за іх спінамі.

Пра намер скончыць кар’еру ў Беларусі спецыяліст паведамляў яшчэ напрыканцы мінулага сезона: паводле афіцыйнай версіі, славак хацеў вярнуцца на радзіму, каб больш часу праводзіць з сям’ёй. Але поспехі Покавіча і адсутнасць новай кандыдатуры прымусілі дынамаўскае кіраўніцтва прасіць трэнера працягнуць кар’еру. І Покавіч згадзіўся.

У новы сезон КХЛ клуб увайшоў з двума скандаламі – арыштамі генеральнага дырэктара Максіма Суботкіна і генеральнага мэнэджара Ўладзіміра Беражкова – і вельмі нестабільнымі выступамі. «Зубры» правялі 19 гульняў, у якіх перамаглі 8 раз. Цяпер клуб займае 10 месца ў Заходняй канферэнцыі.

Пасля сыходу Покавіча выконваць абавязкі галоўнага трэнера будзе Андрэй Кавалёў.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў