Лявон Вольскі выпусціў лірычны кліп

video

Кліп на песню з альбому «Псіхасаматыка»

Відэаролік быў зроблены на песню «Цёплае мінулае».

Музыка апублікаваў кліп на адзін з трэкаў свайго апошняга альбому «Псіхасаматыка» у «Facebookʼу».

Выглядае на тое, што твор вельмі асабісты для аўтара. У адным з радкоў песні Лявон Вольскі звяртаецца да сваёй жонкі Ганны, якая адышла летась («Дзе ты, мая Анечка, і нашыя стракатыя планы?»).

Вось як апісвае песню «Цёплае мінулае» Лявон Вольскі:

«Цёплае мінулае» – гэта песня, якая складаецца з фрагментаў, з кадраў. Вось перада мною двор на вуліцы Адоеўскага: бабулі і цёткі сядзяць на лаўках пры падʼездах, нешта ці некага жвава абмяркоўваюць, дзеці гуляюць у пекара ці цюхі, мужчыны гуляюць у шахматы ці даміно за негабляваным дваровым сталом… Вось я еду на 23-м тралейбусе ў мастацкую школу. Вось я граю першыя канцэрты на электрааргане «Юность-75»… А вось кадры з мноства розных выступаў, кожны з якіх быў асаблівы і кожны па-свойму запомніўся… Вось мы з Ганнай Вольскай абмяркоўваем канцэпцыю канцэрту ў пераходзе… Паміж напісаннем гэтай песні і запісам голасу на студыі мінула некалькі месяцаў. І ўжо той час, калі я ствараў гэтую песню, зрабіўся «цёплым мінулым», бо цягам гэтых месяцаў жыццё кардынальна змянілася. Змяніўся я, змяніўся свет вакол мяне. І тое, што здавалася трывалым і непахісным, зрабілася цёплым настальгічным успамінам».

Альбом «Псіхасаматыка» будзе прэзентаваны ў Вільні 3 снежня, уладальнікі квіткоў на канцэрт атрымаюць бясплатныя літоўскія візы.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары