Лявон Вольскі: Новы альбом абавязкова будзе


Пачатак краўндфандынгавай кампаніі на падтрыманне новага альбома Лявона Вольскага супаў з раптоўнай смерцю ягонай жонкі Ганны. Трагічныя абставіны не змянілі рашучасці Лявона Вольскага давесці справу да лагічнага фіналу.

«Краўдфандынг – адзін з апошніх праектаў Анечкі. Яна нават чула частку песень з будучай плыткі. Мы мусілі запусціць кампанію на некалькі тыдняў раней, але пакуль дарабілі сайт, пакуль вырашылі ўсе тэхнічныя пытанні, Анечка акурат патрапіла ў лякарню. Менавіта праз тое, што гэта праект, над якім яна працавала даволі доўга, які яна вельмі хацела здзейсніць, мы вырашылі нічога не спыняць, – тлумачыць Лявон Вольскі. – Прыняць тое, што здарылася з ёй, вельмі складана і ў пэўным сэнсе немагчыма. Але шчыра дзякую ўсім за падтрыманне ў гэты вельмі цяжкі момант. Мне цяпер складана сказаць, калі і якім выйдзе новы альбом. Але гэты альбом абавязкова будзе».

Дыск мае стаць працягам паспяховага альбома «Грамадазнаўства». Як і першая частка, ён будзе запісаны ў Вільні з нарвежскім саўнд-прадзюсарам Снорэ Бергерудам.

Славуты беларускі музыка ў сакавіку звярнуўся да прыхільнікаў сваёй творчасці, каб сабраць грошы на выданне новага альбому.

На гэты момант сабрана 60% неабходных сродкаў. Грошы можна ахвяраваць праз старонку Lavonvolski.com.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў