Лявон Вольскі не выступіць на «Свяце Незалежнасці» у Менску


25 сакавіка артыст заспявае на канцэрце да 100-годдзя БНР у Беластоку, які ладзяць мясцовыя беларусы. Гэткую прапанову спявак прыняў яшчэ ўлетку летась, патлумачыў Вольскі прыхільнікам у Facebook.

Музыка хацеў выступіць ля Опернага асабіста і цягам апошніх двух тыдняў спрабаваў дамовіцца з арганізатарамі канцэрту ў Беластоку спачатку пра перанос на іншы дзень, пасля пра перанос на некалькі гадзінаў. Аднак дамовіцца не атрымалася – яны маюць свае абавязкі і кажуць, што гэта немагчыма, дадае Вольскі.

Таму артыст разглядае магчымасць тэлемоста.

«Я маю быць на сцэне а 17-й па Варшаве (18-я ў Беларусі). Выступіць у Менску а 14-й, даехаць і перасекчы мяжу я проста не паспею. Разам з арганізатарамі свята каля Опернага мы абмяркоўвалі нават варыянт з гелікоптарам, але міжнароднага аэрапорту ў Беластоку няма, а з Варшавы ці Горадні даехаць ізноў не паспяваю. Таму я заспяваю ў Менску ў варыянце тэлемоста. Адбудзецца прэзентацыя маёй песні, прысвечанай 100-годдзю абвяшчэння БНР», – піша спявак.

Ён таксама дадаў, што «шукае іншыя варыянты» выступіць у Беларусі.

Раней свой удзел у канцэрце пацвердзілі гурты Amaroka, Dzieciuki, «Крама» і спявак Пётра Клюеў.

Менгарвыканкам дазволіў мітынг-канцэрт каля Опернага тэатру ў Менску 25 сакавіка, але без святочнага шэсця, правядзення якога дамагаецца Статкевіч і ягоныя паплечнікі.

Збор на «Свята Незалежнасці» запланаваны на 13:00, а сам канцэрт – а 14:00. Улады афіцыйна дазволілі выкарыстанне бел-чырвона-белых сцягоў і сімволікі з гербам Пагоня на свяце БНР.

Напярэдадні 25 сакавіка актывісты ладзяць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю БНР. 13 сакавіка ў Менску ўрачыста адкрылі памятны знак братам Луцкевічам, у Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасці», яна будзе працаваць да 7 траўня.

На правядзенне інфармацыйнай кампаніі #БНР100, арганізацыю творчых мерапрыемстваў і акцый ды святочнага канцэрта 25 сакавіка ўжо сабралі больш 30 тысяч рублёў.

ДР/ІІ belsat.eu

Стужка навінаў