Лявон Вольскі атрымаў прэмію «Freemuse» за выбітную працу дзеля «свабоды музычнага выказвання»


Беларускі рок-музыка атрымаў узнагароду 8 траўня ў стакгольмскай «вёсцы Еўравізіі».

«Беларусь мае пераможцу, але ён забаронены ў сваёй краіне, таксама як і папярэдні ўладальнік прэміі Freemuse Рэмі Эсам у ягонай краіне», – сказаў са сцэны выканаўчы дырэктар Freemuse Оле Рэйтоў адносна жадання Стакгольму дадаць да «Еўравізіі» яшчэ адзін аспект – гісторыі забароненых музыкаў.

Са сцэны Вольскі выказаў падзяку за ўвагу «да ягонай сціплай персоны, музычнай дзейнасці і змагання за дэмакратычныя каштоўнасці» і асабістую падзяку Рэйтоў за тое, што той ездзіў на канцэрты Вольскага па ўсёй Еўропе:

«Я хачу, каб вы яшчэ раз зразумелі, што ў Беларусі ёсць сурёзная праблема са свабодай слова, – сказаў Лявон Вольскі пад пераклад былога амбасадара Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана, піша svaboda.org. – Я прысвячаю гэтую прэмію маёй жонцы Ганне, якая не так даўно нас пакінула, і якая была маім прадусарам і дапамагала мне ў розных праектах у самыя цяжкія часы. Дзякуй усім!»

Разам з уладальнікам прэміі мінулага года, егіпцянінам Рэмі Эсамам Вольскі выканаў на сцэне песню «Чужы» з сольнага альбому «Грамадазнаўства» 2014 года.

Цяпер Лявон Вольскі збірае сродкі на новы альбом. Ужо сабрана 79 % ад патрэбнай сумы. Вы можаце яго падтрымаць.

ДР, belsat.eu паводле svaboda.org

Стужка навінаў