Лявон Вольскі абвесціў талаку на выданне новага альбому

video

Славуты беларускі музыка Лявон Вольскі звярнуўся да прыхільнікаў сваёй творчасці, каб сабраць грошы на выданне новага альбому.

«Вельмі рэдка я звяртаўся да вас па дапамогу, але цяпер акурат такі момант, калі гэта неабходна, – напісаў Лявон Вольскі на адмысловай старонцы Lavonvolski.com. – Альбом «Hramadaznaūstva. Volski», мне падаецца, патрабуе працягу. І час гэтага працягу надышоў. Ёсць усё – песні, задумы, крэатыў, віленская студыя «Снорэ Бэргеруда». Няма толькі фінансавага складніку працэсу, кажучы наўпрост – грошай. Вось так здараецца – раней неяк знаходзіліся – а цяпер – ну, ніяк. Хто колькі можа, мы будзем удзячныя ўсім за любую дапамогу! Бо талака – вялікая сіла, з ейнай дапамогай можна і вёску збудаваць, і альбомам народ парадаваць. І гэта будзе наш з вамі агульны альбом, там будзе часцінка кожнага, хто дапамог у ягоным стварэнні. Загадзя дзякую і спадзяюся на разуменне і дапамогу!»

Грошы можна ахвяраваць праз старонку Lavonvolski.com.

Лявон Вольскі – музыка з неафіцыйнага чорнага спісу, у які ўключылі дзеячаў культуры, што не падтрымліваюць цяперашніх уладаў. Музыку не паказваюць у дзяржаўных беларускіх медыях, а ягоныя канцэрты ў Беларусі фактычна пад забаронаю.

Лявон Вольскі быў госцем праграмы «Зоры не спяць» на «Белсаце».

«Белсат» таксама здымаў канцэрт Лявона Вольскага і гурта «Крамбамбуля» ў Вільні, дзе былі выкананыя песні з альбому «Чырвоны штраль».

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары