Лятучае таксі хутка стане рэальнасцю: дамову падпісалі Uber і NASA


Кампанія таксовак Uber і амерыканскае касмічнае агенцтва дамовіліся стварыць разам сістэму лятучага транспарту. Пра гэта паведаміў галоўны мэнэджар прадуктаў Uber Джэф Холдэн на форуме тэхналогіяў у Лісбоне.

Лятучыя таксоўкі будуць называцца UberAir і змогуць перавозіць да чатырох пасажыраў. Першыя тэсты плануецца правесці ў Лос-Анджэлесе, ЗША, у 2020 годзе. Таксама гарадамі-партнерамі праекта былі названыя Даллас, Тэхас і Дубаі.

Як паведамляе CNN, транспартная кампанія Uber ужо мела дамоўленасці з авіякампаніямі, але ўпершыню яны выйшлі на ўзровень партнёрства з дзяржаўнай касмічнай арганізацыяй, як NASA.

«З такімі партнёрамі нашыя мары пра паветранае таксі хутка стануць рэальнасцю», – кажа Джэф Холдэн.

З боку NASA паведамілі, што для стварэння сістэмы паветранага транспарту спачатку будзе распрацаваная сістэма дронаў, якія дапамогуць складаць паветраныя маршруты для таксовак. Прыкладна ў 2019 годзе NASA падзеліцца сваймі напрацоўкамі і рэкамендацыямі з Адміністрацыяй паветранага руху ЗША, якая вызначыць, якім чынам інтэграваць таксоўкі ў існуючы паветраны трафік.

Дзеля прыкладу, падарожжа з цэнтру Лос-Анджэлесу да аэрапорту на паветраным таксі можа скласці каля 30 хвілінаў. Сёння на аўтамабілі, улічваючы трафік, гэтая кавалак дарогі займае каля 1 гадзіны 20 хвілінаў.

ВЧ, belsat.eu паводле cnn.com

Стужка навінаў