Лямпачкі з «Белоруссіі» прадаюцца ў беларускіх крамах


Лямпачкі, зробленыя на Берасцейскім электралямпавым заводзе, прадаюць з расейскім штрыхкодам і надпісам «Белоруссия». Беларускі вытворца разводзіць рукамі.

У беларускіх крамах прадаюцца лямпачкі расейскай кампаніі «Camelion», якія робіць берасцейскі электралямпавы завод.

Калі журналіст «Белсату» стаў тэлефанаваць на прадпрыемства, каб атрымаць каментар, то на заводзе спачатку адмаўлялі, што гэта іхная прадукцыя.

«Напісана Беларуссія? Не можа быць! Гэта не наша прадукцыя», – здзіўляюцца ў аддзеле якасці прадукцыі.

Толькі пасля таго, як на завод былі адпраўленыя здымкі ўпакоўкі лямпачак, начальнік аддзелу маркетынгу Берасцейскага электралямпавага заводу Мікалай Крук прызнаўся:

– Так, гэтую прадукцыю сапраўды робім мы, праўда, для расейскага рынку. У нас дамова з расейскім бокам на вытворчасць 2 мільёнаў лямпачак у месяц, дзе яны іх потым прадаюць, мы не адсочваем.

Але на ўпакоўцы напісана Белоруссія замест Беларусі. Як вы гэта пракаментуеце?

– Макет упакоўкі таксама расейскі, што мы тут можам зрабіць? Як патрабуе заказчык, так мы і робім. Калі вы заўважылі, то на нашай прадукцыі маркі «Белсвет» напісана – Рэспубліка Беларусь і штрыхкод беларускі.

Заўважым, што калі зайсці на афіцыйны сайт Берасцейскага электралямпавага заводу, то там пакуль не вызначаўся як называецца наша краіна, можна сустрэць як Беларуссія, так і Беларусь. Да таго ж на сайце цалкам адсутнічае беларуская мова.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў