Лячылі ад рака, якога не было, зрабілі інвалідам, цяпер пагражаюць


Колькі каштуе памылка доктара? Няправільна пастаўлены дыягназ – ды гады пакутаў і барацьбы за праўду. Сваю гісторыю нашаму тэлеканалу распавяла жанчына, якая спрабуе дагрукацца да чыноўнікаў, але ў адказ чуе толькі пагрозы.

Жыхарка Слаўгараду Анжэліка Калатазішвілі некалькі гадоў таму страціла самае важнае ў жыцці – здароўе. Цяпер жанчына не можа жыць самастойна. За свае пакуты лічыць адказнымі дактароў.

«Я хачу задаць ім пытанні: па чыёй віне я сёння мушу сядзець у вазку? Па чыёй віне зламанае маё жыццё? Хто адкажа за гэтую памылку?», – узгадвае спадарыня Анжэліка.

Пакуты жанчыны пачаліся ў 2013 годзе, калі ў яе пачалі балець ногі. Анжэліка звярнулася ў Слаўгарадскі раённы шпіталь, але там хваробы і яе прычынаў не выявілі цягам амаль паўгода. Пры гэтым пускаць на бальнічны Анжэліку неаднойчы адмаўляліся. Пакуль не адняліся ногі. Тады сваякі хворай дапамаглі дамагчыся абследавання ў іншых медычных установах. Хутка Анжэліка трапіла ў Магілёўскі абласны анкалагічны дыспансер. Там паставілі дыягназ: рак маткі. Пачалася аперацыя. Яе вынік быў нечаканым.

«Калі скончылася аперацыя, я ляжала ў рэанімацыі. Да мяне прыйшла доктар Сахарава і патлумачыла, каб я не хвалявалася, ніякай анкалогіі няма. Дык, прабачце, вы ж мне ўсё выдалілі, а цяпер прыйшлі парадаваць, што раку няма?!», – дзеліцца пацярпелая.

Але на гэтым сумная гісторыя не скончылася. Дактары прызналі ў жанчыны рак касцей ды выпісалі дадому, адзначыўшы ў непрымальнай форме, што дні яе жыцця ўжо палічаныя.

«Яна ляжала нікому не патрэбная. Нават хлеба не было ў хаце. Усё плакала, што няма надзеі. Яна была вельмі-вельмі худая», – узгадвае Кахабер Калатазішвілі, муж Анжэлікі.

У вырак блізкія не паверылі. Сястра жанчыны патрабавала паказаць яе дактарам у Менску. А гэта было зрабіць надта цяжка, бо медыкі ў Слаўгарадзе і Магілёве адмаўляліся даваць накіраванне. Урэшце, дзякуючы знаёмаму лекару, жанчыну абследавалі сталічныя анколагі. Выявілася, што ніякага раку няма: Анжэліка пакутуе на пухліну парашчытападобнай залозы. Тэрмінова зрабілі аперацыю. Пасля гэтага жанчына пачала пісаць скаргі ўва ўсе магчымыя інстанцыі.

«Я цяпер не жыву, а існую! А яшчэ гэтыя пагрозы: не закрыеш рот, будзе яшчэ горш. Наколькі мне яшчэ будзе горш, скажыце, людзі? Наколькі мне можа быць горш, чым цяпер?! Хто мяне будзе лячыць?!», – абураецца жанчына.

У выніку памылак у папярэдніх дыягназах Анжэліка засталася інвалідам. Аднак прызнаць свае памылкі дактары адмаўляюцца, прычым на самым высокім узроўні. Адпіску, якая прыйшла з Міністэрства аховы здароўя, жанчына лічыць здзекам.

«Камісія ўстанавіла, што абследаванне і лекаванне вас ва ўстановах аховы здароўя Магілёўскай вобласці праводзілася ў поўным абʼёме згодна з зацверджаным клінічным пратаколам дыягностыкі і лекавання пацыентаў», – паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Не выключана, што цяпер Анжэліка паспрабуе дабіцца справядлівасці праз суд.

«За гэта трэба матэрыяльную кампенсацыю, калі падаць у Следчы камітэт, каб разбіраліся. Але даказаць будзе цяжка. Тут выразна фігуруюць дзяржаўныя органы, якія не хочуць прызнаваць сваёй памылкі. Ці хопіць у яе здароўя і грошай, каб ваяваць далей?», – зазначае праваабаронца Барыс Бухель.

І гэта далёка не апошняе пытанне. Колькі падобных балючых гісторыяў можна пачуць у нашай краіне – застаецца толькі здагадвацца.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота – nsk.mir-kvestov.ru

Стужка навінаў