Леўчука зноў будуць судзіць за працу на «Белсаце»


Услед за Гомелем, дзе 14,4 мільёна рублёў штрафу за супрацу з «Белсатам» атрымалі Наталля Крывашэй і Кастусь Жукоўскі, эстафетная палачка вяртаецца ў Берасце.

«18 чэрвеня мне патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі з Ленінскага РАУС і сказаў, што супраць мяне распачаты адміністрацыйны працэс, – кажа ў размове з belsat.eu Алесь Ляўчук. – А гэта азначае толькі адно: што б я ні рабіў – будзе пратакол, будзе суд і будзе штраф. Механізм запушчаны і ён працуе».

«Мяне абвінавачваюць у тым, што я 3 траўня зрабіў інтэрвю з нападаючым берасцейскага «Дынама» і найлепшым бамбардзірам у гісторыі беларускага футболу Раманам Васілюком, – зазначае журналіст. – Я бачу, як улада апусцілася яшчэ на адну прыступку ўніз. Прыходзіць да вядомага на ўсю краіну футбаліста і прасіць даваць паказанні супраць журналіста – гэта ўвогуле неяк нізка».

«Мяне папярэдзілі, што ў спарткомплекс «Брэсцкі» ўжо прыходзілі супрацоўнікі КДБ і рэкамендавалі кіраўніцтву арэны зрабіць так, каб я не мог там працаваць. Але пакуль з іхнага боку да мяне не было ніякіх прэтэнзіяў, – распавядае Алесь Ляўчук. – А КДБ я б парэкамендаваў заняцца дзейнасцю, якой гэтая арганізацыя павінна займацца. Да прыкладу, нацыянальнаю бяспекаю. У прыватнасці – канцэртам гурта СССР, які ў хуткім часе адбудзецца ў Берасці.

Раней Алеся Леўчука ўжо пераследавалі за супрацу з «Белсатам». Упершыню суд адбыўся ў снежні 2014 г. – на падставе часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»). Тады працэс адбыўся са шматлікімі парушэннямі. Суддзя Ларыса Назарэнка аштрафавала журналіста на Br 6 млн.

У сакавіку 2015 суддзя Раман Карабан аштрафаваў Алеся Леўчука за супрацу з «Белсатам» амаль на Br 4 млн. Цягам 2015 года незалежных журналістаў аштрафавалі за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» на суму Br 108,18 млн.

ЯЛ, belsat.eu

Стужка навінаў