«Ля вытокаў беларускай нацыі ёсць фальклор, які прыняў Касцюшку». Інтэрв’ю з Анатолям Трафімчыкам


Анатоль Трафімчык

«Тадэвуш Касцюшка – герой шматлікіх народаў». Так напісалі на вокладцы польскага часопісу «Гавораць стагоддзі» («Mówią wieki»), выдадзенага да 200-ых угодкаў смерці генерала. Палякі запрасілі беларуса ды летувіса напісаць артыкулы пра Касцюшку, каб польскія чытачы ўсвядомілі, што не толькі яны шануюць нашага земляка.

У той жа час справа помніка Тадэвушу Касцюшку ў Швейцарыі выклікала непаразуменне паміж беларусамі ды палякамі. У Беларусі ж патрыёты амаль сабралі грошы на скульптуру генерала, каб паставіць яе ў месцы, дзе ён нарадзіўся – Мерачоўшчыне, што пад Івацэвічамі.

Што пра ўсё гэта думае Анатоль Трафімчык – гісторык і аўтар кнігі «Касцюшка наш слаўны», якую, што цікава, апублікавалі не за беларускія грошы, а дзякуючы фінансаванню Польскі інстытуту ў Менску, то бок фактычна пры падтрымцы Міністэрства Замежных Справаў Польшчы.

Зміцер Міцкевіч: Беларусы сабралі грошы на два помнікі Тадэвушу Касцюшку. Адзін будзе ў Швейцарыі, другі – у Беларусі. Што гэта, у прынцыпе, змяняе?

Анатоль Трафімчык: Хутчэй гэта нічога не змяняе, а становіцца паказальнікам тых тэндэнцыяў, якія мы назіраем апошнюю чвэрць стагоддзя, калі мы маем незалежнасць. І таксама, што важна, узмацненне гэтых тэндэнцыяў у XXI стагоддзі. Мы бачым, што ідзе мемарыялізацыя жыцця і дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі. У прыватнасці самым галоўным паказальнікам з’яўляецца аднаўленне Касцюшкавай сядзібы, а гэтыя помнікі, канешне, у працяг.

Помніка Касцюшку ў Салятурне (Швейцарыя). 21 кастрычніка 2017 г.

Ці беларусы маюць права лічыць Касцюшку сваім, і ці лічылі яны сваім пры жыцці. Ці быў ён для іх героем, ці не? Як да яго ставіліся?

Пытанне вельмі далікатнае, і цяжка на яго адказаць у фармаце інтэрв’ю. Трэба сказаць, што вельмі часта збіваюцца і нашыя суайчыннікі, і нашыя суседзі на папулісцкае, папулярна-публіцыстычнае вырашэнне гэтага пытання.

Касцюшка скончваў жыццё, калі змяняліся эпохі, змяняліся цывілізацыйныя каштоўнасці. У той жа час нараджалася беларуская нацыя. Таму як паказальнік прысутнасці Касцюшкі ў культуры мадэрнай беларускай нацыі ў прыватнасці з’яўляецца фальклор, рэшткі якога дайшлі да нас. Гэта фальклорныя творы, вершы, песні пра Тадэвуша Касцюшку. У маёй свежай кнізе напісана пра гістарычную постаць Тадэвуша Касцюшкі ў беларускай літаратуры і, адпаведна, у фальклоры.

Тут трэба сказаць, што калі нараджаліся беларусы, ішла такая трансфармацыя этнасаў у нацыянальнасці. Мы часта збіваемся з панталыку, ня ведаючы, як ацаніць Касцюшку. Але трэба помніць, што ля вытокаў беларускай нацыі ёсць фальклор, які прыняў Касцюшку.

Паданні пра Касцюшку з кнігі Міхала Федароўскага (адбітак з першакрыніцы)

Ёсць нават адна аўтарская песня, гэта песня пра беларускіх жаўнераў 1794 году на беларускай мове. Яе трэба яшчэ глыбей даследаваць, але думаю, што гэтыя артэфакты нам бы багата чаго сказалі, таму можна толькі заклікаць даследчыкаў працягваць даследаванні.

«Беларуская песня пра Касцюшку» з публікацыі Пламеньчыка (адбітак з першакрыніцы: Płomieńczyk. Pieśń białoruska o Kościuszce // Dziennik poznański, 1882, 23 marca. S. 1)

Дык кім ён ўсёткі быў: ліцвінам, палякамі ці беларусам? Ці ёсць магчымасць адназначна сказаць і вызначыць?

Прабачце, але такія рэчы ў адзін шэраг ставіць некарэктна. Як я ўжо казаў, адбывалася трансфармацыя этнічная, нараджаліся нацыі. Я бы гэтае пытанне ацаніў як правакацыйнае. У навуковых тэкстах гэтага пытання вырашыць нельга, гэта глеба для дыскусіяў публіцыстаў.

У Беларусі Касцюшка і надалей працягвае змагацца са сваім прыжыццёвым ворагам Суворавым у свядомасці беларусаў. А ў Польшчы ён нацыянальны герой вялікага маштабу. Чаму так атрымалася?

Так склаўся лёс у беларусаў, якія два стагоддзі былі ў лоне Расейскай імперыі ці Савецкага Саюзу. Там панавалі свае героі для ўсёй тэрыторыі. На той час гэта быў нармальны працэс, калі глядзець, ужываючы прынцып гістарызму. А сёння чвэрць стагоддзя мы знаходзімся ў незалежнай Беларусі і, адпаведна, маем свае каштоўнасці. Што важна, засталася неперарванай тая традыцыя.

Яшчэ Данута Бічэль у 70-х гадах, за Савецкім часам, вярнулася, і ад яе пачалася ў беларускім мастацкім слове ізноў тэма Тадэвуша Касцюшкі, якая сёння плённа працягваецца. Гэта і дзясяткі вершаў, і проза, і драматургія, калі казаць пра літаратуру. Акрамя гэтага ёсць і мемарыялізацыя (як мы казалі пра помнікі), і гістарычныя даследаванні. А Анатоль Бензярук склаў спіс – я ўпэўнены, што нават няпоўны – розных публікацыяў пра Тадэвуша Касцюшку ў беларускіх сродках масавай інфармацыі ды літаратурных часопісах.

Трэба сказаць, што там лік ідзе на сотні, а нават і на тысячы – гэта значыць, што Касцюшка арганічна з’яўляецца нашым героем. Акурат Сувораў сваёй значнасцю пачынае саступаць, калі казаць пра апошнюю чвэрць стагоддзя. Канешне, некаторыя хочуць супаставіць гэтых людзей, але гэтага рабіць нават і неабавязкова. Мы бачым змены, якія адбываюцца незалежна ад супастаўлення ці яго адсутнасці.

Расейская імперыя, а таксама СССР намагаліся выцерці памяць пра Касцюшку з гісторыі Беларусі, наагул з Беларусі ў прынцыпе. Ці Вы бачыце захады з боку Расейскай прапаганды сёння?

Такія тэндэнцыі былі, яшчэ пачынаючы нават з Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, які зніжаў вартасць і паўстання, і самога Тадэвуша Касцюшкі. Пад маім аўтарствам ёсць артыкул, у якім параўноўваецца рэцэпцыя паўстання Пушкіна і Касцюшкі з рэцэпцыяй заходнееўрапейскай літаратуры, у прыватнасці, англійскай. Самае цікавае, што Касцюшка ваяваў супраць Расеі ды супраць Англіі, але мы бачым прынцыпова іншыя адносіны да Касцюшкі з боку англійскіх літаратараў і велічэзную павагу. Што тычыцца далейшага развіцця, я бы не сказаў, што гэтая тэндэнцыя атрымала развіццё менавіта ў такім рэчышчы, бо не трэба забываць, што ёсць у Піцеры вуліца Касцюшкі. Я невялікі спецыяліст у аналізе расейскай прапаганды, але хутчэй за ўсё яна мала звяртае ўвагі на гэтую постаць.

Што зрабіць, каб постаць Тадэвуша Касцюшкі не дзяліла, а яднала народы Рэчы Паспалітай?

Думаю, што трэба працаваць далікатна, з павагаю да кожнага народа, да народаў-суседзяў. У прынцыпе, мы гэтую працу вядзем – і беларусы, і палякі, і літоўцы, і нават украінцы – і трэба сказаць, што ёсць пэўныя вынікі. Хацелася бы адзначыць жнівеньскі нумар польскага часопісу «Гавораць стагоддзі» («Mówią wieki»), які прысвечаны цалкам постаці Касцюшкавай, і там прадстаўленыя аўтары і беларускія, у прыватнасці ваш пакорны слуга, і літоўскія. Асноўная тэма гэтага нумару «Касцюшка як герой шматлікіх народаў». Па-мойму паказальна.

Размова выйшла 20 кастрычніка 2017 г. У праграме «ПраСвет»

Іншыя тэмы:

  • У Еўропу з аглядкай на Крэмль
  • Беларусь не галоўная праблема Еўразвязу на ўсходзе
  • Венскае вакно ў Еўразвяз
  • Правал Саакашвілі ці новы Майдан

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары