Ля разбітага карыта. Чаму найноўшыя ўкраінскія танкі не ваююць у АТА?


Дзе ж тыя танкі, якімі ўкраінскія ўлады выхваляюцца на парадах і ў тэлешоу? Да чаго прывялі выдаткі на праект па стварэнні гэтых машынаў? Якія краіны іх набываюць? На пытанні belsat.eu адказвае ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

– Ёсць меркаванне, што найноўшыя танкі «Аплот» і «Булат» не ваююць на Данбасе. Ці так гэта і чаму?

– Па-першае, іхная колькасць невялікая. «Булат» уяўляе сабою мадэрнізацыю танка Т-64 (ягоныя першыя ўзоры пачалі выпускаць напрыканцы 60-х). «Булат» мае цяжкасці з камплектацыяй. Неабходныя і сістэмы кіравання агню, і сродкі сувязі, і больш новыя сістэмы дынамічнай броні – усяго гэтага не хапае. Ёсць цяжкасці з вырабам гэтых складаных камплектуючых – часткова яны камплектаваліся расейскімі, альбо савецкімі.

Апроч таго, я мяркую, што фінансаванне гэтага праекту недастатковае. І, як вынікае з публікацыяў, да таго ж ёсць яшчэ праблемы з рухавіком. Такіх танкаў няшмат, іх берагуць на «чорны» дзень. А з «Аплотам» яшчэ складаней, бо ён мае вельмі складаную электроніку, і такія танкі Украіна мелася адпраўляць на экспарт».

– Чаму гэтыя танкі кудысьці прадаюць, замест таго, каб ваяваць?

– Ёсць міжнародны кантракт з Тайландам. На жаль, з тых самых прычынаў, што я назваў адносна танка «Булат», немагчыма вырабіць патрэбную колькасць танкаў «Аплот» – тэхнічныя цяжкасці, недахоп камплектуючых і адмыслоўцаў – усё гэта не дазваляе Украіне вырабіць патрэбную колькасць нават, каб забяспечыць гэты кантракт. Ёсць інфармацыя, што Тайланд не задаволены ні якасцю тэхнікі, што паступае, ні яе выкананнем, ні тэрмінамі, што ўвесь час зрываюць. А ва Украіне праз недахоп адмыслоўцаў вялікі дэфіцыт электронікі, оптыкі, сродкаў сувязі. Ёсць меркаванне, што не стае і бранякорпусаў – бяруць старыя, з усімі іхнымі недахопамі.

– Дык навошта было брацца за такую складаную справу, калі ўсяго не стае?

– Жаданне захапіць нішы на міжнародным рынку – што тычацца «Аплоту», атрымаць экспартную выручку ды скіраваць яе на развіццё ваенна-прамысловага комплексу. Што да «Булата», арыгінальны танк Т-64 не мадэрнізаваўся цягам доўгага часу. Гэтыя танкі адсталі тэхнічна, іхная браня не вытрымлівала пападання снарадаў нават старых сістэмаў. Тое, што цяпер украінская армія мае на ўзбраенні – металалом. Гэтую мадэрнізацыю трэба было правесці даўно, але цяпер ужо няма ані тэхнічнага патэнцыялу, ані фінансавых рэсурсаў.

– Атрымалася, што выкінулі грошы на жалезкі, ад якіх ніякай карысці?

– Не зусім так, проста гэта трэба было рабіць раней і па-іншаму. Цяпер тэхнічны ўзровень вытворчасці адстаў, камплектуючыя адстаюць ад сучасных патрабаванняў – такая мадэрнізацыя не ў стане абараніць гэтыя танкі. Грошы выдаткавалі не на тое – трэба было глядзець у будучыню, а яны мадэрнізуюць учорашні дзень.

– Пры якім рэжыме гэта прыдумалі?

– Яшчэ нават перад Януковічам. Танкі паказвалі на выставах, абяцалі туркам… Але рынак гэты вельмі канкурэнтны, і ўкраінцам не пашанцавала – удалося прадаць толькі Тайланду. Значна больш паспяхова яны гандлявалі савецкімі танкамі Т-72 са сваіх запасаў, іх бралі з ахвотай. І калі ўжо брацца за мадэрнізацыю, трэба было пачынаць з тых танкаў. Але ў свой час іх проста вульгарна прадалі, а краіна засталася з Т-64, якія моцна састарэлі.



– І што думаюць наконт далейшага лёсу гэтых «Аплотаў» ды «Булатаў»?

– Што думаюць, я не ў стане сказаць, але відавочна гэта тупіковы шлях. Т-64 – праект, што зайшоў у тупік, далей няма чаго шукаць. З «Аплотам» лепей, бо Т-80 распрацоўвалі значна пазней. На момант распаду СССР яны больш-менш адпавядалі сярэднім танкам НАТО. Але гэткіх танкаў ва Украіне няшмат, яны ў дызельнай версіі, а жаўнеры савецкай арміі іх за гэта і не любілі, бо яны часта выходзілі з ладу. Сёння танкавы патэнцыял Украіны пад вялікім пытаннем.

– Выдаткавалі грошы, а ў выніку – тупіковы шлях?

– Так. Гэтыя танкі бесперспектыўныя – думаю, іх камплектуючыя адстаюць не тое што ад расейскіх, а нават і ад беларускіх, што да прыцэлаў, цеплавізараў. Хадзілі чуткі, што на гэтыя танкі ставілі гарматы з іншых, лепшых танкаў, каб толькі гэтыя новыя прадаць. Што самае парадаксальнае, украінцы прадавалі лепшае – знешні рынак іншага не браў. Ад Савецкага саюзу ім дасталася 6000 танкаў, а цяпер лічыцца, што засталося не больш за 700 танкаў. Казалі нават, што яшчэ ў часы Януковіча раскралі, напрыклад, 600 бранякорпусаў на Харкаўскім заводзе – здымалі электроніку, оптыку, усё самае каштоўнае. І цяпер з 2-3 збіраюць адзін. Ступень карупцыі была бязмерна высокая, і цяпер украінцы аказаліся ля разбітага карыта.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў