Лунна магло б стаць не толькі турыстычнай атракцыяй, але і кінапляцоўкай. Каб хоць кагосьці з мясцовых цікавіла пытанне захавання спадчыны.
Гістарычная Ваўкавышчына, цяпер – тэрыторыя Мастоўскага раёну. Мястэчка Лунна (згодна з іншым варыянтам – Луна) – цяпер проста вёска.
Сярод мястэчак з вясковым статусам адмыслоўцы вылучаюць усяго тры, якія захавалі адметныя дарэвалюцыйныя і міжваенныя архітэктурныя ансамблі: Гальшаны, вядомыя дзякуючы замку, Лужкі на Шаркаўшчыне і, уласна, Лунна.
Сваймі архітэктурнымі вартасцямі і багатай гісторыяй Лунна вядомае толькі спецыялістам. Тут усяго два аб’екты, якія лічацца гісторыка-культурнымі каштоўнасцям: царква сярэдзіны–другой паловы ХІХ ст., гэтак званая «бацюшкоўка» рэтраспектыўна-рускага стылю, ды касцёл, у якім спалучаюцца традыцыі мясцовай архітэктуры і вельмі выразна чытаюцца пэўныя класічныя рысы.
Няўжо больш нічога няма? Зусім не, бо галоўная адметнасць мястэчка – гэта акурат шараговая забудова, ансамбль якой сфармаваны збольшага ў 1920–30-я гады. Гэта ў асноўным мураваныя адна-двухпавярховыя дамкі з характэрным дэкорам, які перадае атмасферу заходнебеларускага габрэйскага мястэчка, нібыта спісанага з «Народнага альбому».
«У Лунне мы бачым яскравую яўрэйскую архітэктуру! – распавядае старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, – Гэта дамкі, якія спалучалі ў сабе жылыя і гандлёвыя функцыі, гэтак званыя дамкі-крамкі. Дарэчы, акрамя датаў пабудовы на франтонах часцяком можна заўважыць і зоркі Давіда. Двухпавярховыя шматкватэрныя дамы, найхутчэй, былі даходнымі, то бок памяшканні здаваліся ў наём».
Падобных дамкоў, не раскіданых там-сям, але сабраных у цэнтры ды ўпісаных у сістэму вулачак, у Лунне каля паўсотні. Для параўнання – гэта практычна 10 % старой Горадні, архітэктурны фонд якой налічвае каля паўтысячы аб’ектаў.
Гэтае багацце цяпер пад пагрозай: забудова – не гісторыка-культурніцкая каштоўнасць, таму не ахоўваецца. З пункту гледжання заканадаўства, дэкараваны дамок 1913 году нічым не адрозніваецца ад хрушчоўкі ці панэльнага часоў Брэжнева – гэта проста частка жылога фонду.
Плён падобнай палітыкі ўжо бачны: у старых дамах устаўляюць пластыкавыя вокны, змяняюць форму аконных праёмаў, зменшаюць уваходныя парталы. На адным з самых адметных будынкаў гораду зусім нядаўна знеслі з фасаду дзве вежачкі.
Такімі тэмпамі Лунна неўзабаве рызыкуе пацвердзіць статус, які яму надала дзяржава: аграгарадок.
Сёння ў мястэчку яшчэ можна не толькі вадзіць экскурсіі, але і здымаць фільмы пра Першую або Другую сусветную вайну, або пра міжваенны час.
Паводле Астаповіча, сітуацыю можа змяніць толькі наданне статусу гісторыка-культурніцкай каштоўнасці ўсяму ансамблю старога Лунна. Для гэтага патрэбная працоўная група, якая зоймецца дакладнай фотафіксацыяй помнікаў, пазначыць іх на планах, напіша архіўна-бібліяграфічнай даведку і абгрунтаванне. Для параўнання – падобная праца па менскай Асмалоўцы заняла каля васьмі год.
За такія справы зрэдку бяруцца прафесійныя навукоўцы, найчасцей занятыя адно сваймі профільнымі тэмамі. Разлічваць варта на валанцёраў, якім даводзіцца разрывацца на розныя аб’екты і рэгіёны.
«Неаднаразова з калегамі мы абмяркоўвалі гэтую праблему, – працягвае Астаповіч, – але адчуваем, што ў менскага актыву на ўсё сілаў не хапае. Патрэбная добрая працоўная група на месцы, якая будзе дзейнічаць, магчыма, не адзін год. З Менску гэта рабіць складана, бо тут і пытанне фотафіксацыі, і праца з архівамі, якія захоўваюцца ў Горадні».
Што наконт гарадзенскіх гісторыкаў і валанцёраў, якія, падаецца, «набілі сабе руку» падчас шматгадовага змагання за спадчыну свайго гораду?
«Штурхаць гарадзенцаў, шчыра кажучы, у мяне ўжо не хапае сумлення, – разводзіць рукамі Астаповіч. – У 2012–13 гадах яны зрабілі вялікую працу па напісанню і дасылцы прапановаў па наданні розным аб’ектам статусу гісторыка-культурніцкай каштоўнасці, як у ваколіцах Горадні, гэтак і ў самім горадзе. Але шматлікія прапановы атрымалі адмоўныя адказы, акрамя аднаго выпадку: кафлярні Друцкіх-Любецкіх у Горадні. Вось і ўсё».
Старшыня таварыства з разуменнем ставіцца да расчаравання калегаў – кажа, што расчараваны і сам. Паводле Астаповіча, своеасаблівым рубіконам сталі 2012-13 гады – да гэтага часу прапановы па наданні ахоўнага статусу дзяржавай зазвычай падтрымліваліся, а пасля «усё змянілася».
«Нават аб’екты, звязаныя з гісторыяй Другой сусветнай і акупацыяй, адкідаліся, – рэзюмуе Астаповіч. – Гэта і прапанова са Шталагам (былым нямецкім лагерам ваеннапалонных. – Заўв. «Белсат») у Масюкоўшчыне, і па будынку былой інфекцыйнай лякарні менскага гета – паўсюль адмовы. Даводзіцца працаваць у такіх умовах».
У выніку, калі гісторыка-культурніцкая спадчына турбуе толькі гісторыкаў ды апантаных аматараў даўніны, мястэчка, якое магло быць упісаным у турыстычныя маршруты, сёння пакрысе вымірае.
Пра турыстаў мясцовыя не чулі. Адзіная ў Лунне кавярня не працуе. Праз дом – аб’явы аб продажы. Найбольш папулярныя абвесткі на прыпынках – «праца ў Польшчы» ды «Рытуальныя паслугі».
Алесь Кіркевіч