Лукашэнку ў Рызе некамфортна. Пра Беларусь і Расею – у каментарах Мацерэвіча, Кара-Мурзы і Караткевіч


На Рыжскай канферэнцыі здымачная група «Белсату» высвятляла, як нашыя суседзі успрымаюць ролю Беларусі на міжнароднай арэне .

У лістападзе Латвія будзе адзначыць стагоддзе незалежнасці, але, нягледзячы на значнасць даты, на найвышэйшым узроўні ў Рызе гавораць пра пагрозу суверэнітэту. Агрэсіўная расейская вонкавая палітыка – цэнтральная тэма сёлетняе Рыжскай канферэнцыі. Адзін з галоўных спікераў, Уладзімір Кара-Мурза – малодшы, намеснік старшыні руху «Адкрытая Расея», які апошнім часам жыве паміж Вашынгтонам і Масквою, кажа: нам вельмі важна, каб голас дэмакратычнай Расеі таксама гучаў на міжнароднай сцэне.

«Расея – гэта не толькі злодзеі, якія сядзяць у Крамлі вакол Пуціна. Дзясяткі тысячаў маладых людзей, якія апошні год выходзяць на акцыі пратэсту ад Калінінграду да Хабараўску, – гэта таксама Расея, і не менш Расея, чым Пуцін», – адзначае Кара-Мурза.

Для Расеі 90-ых самым яскравым момантам быў жнівень 1991 года. Для Расеі 10-ых – сакавік 2014 года і акупацыя Крыму. Але крымскі кансэнсус заканчваецца, кажа журналіст Міхаіл Фішман. Паводле нашага суразмоўцы, расейскае грамадства стаіць на парозе зменаў і досвед 90-ых дае надзею, што існуе альтэрнатыва вайне і канфрантацыі з Захадам.

«Ідэя, што Расея займае асобнае месца ў свеце, не абавязкова павінная прыводзіць да вайны з Захадам, і 90-ыя даюць гэтаму прыклад. 90-ыя – прыклад таго, вонкавая палітыка Ельцына ў тым ліку, што можна думаць пра сябе як пра краіну са спецыяльнаю роляй у свеце і пры гэтым не даводзіць да вайны з Захадам», – кажа журналіст тэлеканалу «Дождь» Міхаіл Фішман.

Але калі вяртацца ад доўгатэрміновых прагнозаў да цяперашняга парадку дня, то, прынамсі ў вачах заходніх элітаў, Расея адназначна ўспрымаецца як агрэсар. У часе дыскусіяў у Рызе ўдзельнікі дэлегацыі з Эстоніі заявілі, што яны віталі б з’яўленне ў сваёй краіне сталай амерыканскай вайсковай базы. Дыскусіі аб з’яўленні амерыканскіх вайскоўцаў на сталай аснове на найвышэйшым узроўні ідуць і ў Варшаве.

«Мы бачым, што надыходзяць змены і эвалюцыя ў пытанні ўплыву на Расею. Узрастае разуменне таго, што мы маем дачыненне з агрэсарам, які ўступае толькі перад сілаю, гэтае разуменне ўзрастае ўва ўсіх краінах Еўропы, НАТО і Злучаных Штатах», – гаворыць былы міністр абароны Польшчы Антоні Мацерэвіч.

Будучыня НАТО, роля сацыяльных сетак, Еўропа пасля брэкзіту – падчас усіх гэтых тэмаў на панэльных выступах у Рызе вярталіся да палітыкі Масквы, якая падвышае градус напружання ў рэгіёне.

«Калі аналізаваць сітуацыю ва Украіне, то я хутчэй казаў бы аб вайне і агрэсіі, а не аб «халоднай вайне», бо там гінуць людзі, бо там акупаваныя тэрыторыі, бо там мы бачым парушэнне базавых міжнародных правоў. Расея агрэсар, і ў гэтай сітуацыі казаць пра «халодную вайну» – непаразуменне», – лічыць Антоні Мацерэвіч.

Беларускае пытанне ў Рызе не ўздымалася, нягледзячы на вялікую групу экспертаў з нашае краіны. Паводле лідараў «Гавары праўду», вярнуць цікаўнасць да Менску магчыма толькі праз рэформы ў нашай краіне. І змены мусяць быць накіраваныя перадусім на звычайных беларусаў.

«Беларусь павінная больш кааперавацца. І другая ідэя, пра тое, што сёння кажуць, – трымацца разам. Мы розныя, ёсць нацыянальныя, эканамічныя адметнасці, але ўсе краіны як суб’екты павінныя быць разам», – мяркуе лідарка грамадскай арганізацыі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

Афіцыйны Менск імпрэзы аб бяспецы ў Рызе традыцыйна ігнаруе. Як кажуць удзельнікі дыскусіяў, магчыма, праз тое, што ў нас адзін палітык, які няўтульна адчуваў бы сябе на форуме, дзе крытыкуюць расейскую вонкавую палітыку. Але ў такой сітуацыі, нягледзячы на ўсе намаганні МЗС падкрэсліваць нейтралітэт краіны, цярпіць імідж Беларусі, якую шмат хто ў Рызе ўспрымае як плацдарм для расейскага войска.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Стужка навінаў